377

З забойства Веранікі Чаркасавай — 15 гадоў. У нядзелю сябры і калегі наведаюць магілу журналісткі

15.10.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

20 кастрычніка споўніцца 15 гадоў з моманту забойства вядомай беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай.

Журналісцкая супольнасць з году ў год чакае ад уладаў расследавання гучнага забойства. Аднак вінаватыя дагэтуль не знойдзеныя, а следства па факце забойства — прыпынена. 

У нядзелю сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў наведаюць магілу забітай калегі.

Збор аб 11:00 ля Гадзіннікавага завода (ст.м. Парк Чалюскінцаў).

Тэлефон для сувязі — +375 29 138 57 96.

 

Журналістку недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай 20 кастрычніка 2004 года ў яе кватэры ў Мінску.

Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці з кватэры не зніклі — знайшліся, аднак, сляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якія дапытываліся крымінальным вышукам у сувязі з забойствам, аказаліся члены сям’і Чаркасавай –сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка, якія знайшлі цела. Пазней падазрэнні з іх былі знятыя.

Між тым, у выніку журналісцкага расследавання, праведзенага калегамі В. Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць збіраная Веранікай інфармацыя пра «Інфабанк», які абвінавачвалі ў адмыванні грошай для продажу зброі Іраку. Гэтую ж версію разглядае ў сваім фільме і кінадакументаліст Леанід Міндлін.

Нягледзячы на пытанні, якія ставяць перад следчымі органамі калегі журналісткі, ніякіх зрухаў у раскрыцці гэтай справы няма. Зняты дакументальны фільм, праведзена журналісцкае расследаванне, выпушчана і перавыдадзена кніга найлепшых публікацый Веранікі “Красным по белому”, калегі перыядычна нагадваюць пра гэтую нераскрытую справу ў сваіх публікацыях, публічных зваротах да следчых органаў і на вечарынах памяці.

Падрабязнасці справы

Журналісцкае расследаванне Сяргея Сацука

Памяти Вероники: «А что, если родина тоже попытается полюбить нас?»

«В другой стране за это меня б давно убили»