655

З віцебскага ізалятара выйшаў Барыс Хамайда. Суд над ім сёння не адбыўся

26.08.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска не прыняў адміністрацыйную справу, і затрыманага 25 жніўня  Барыса Хамайду  адпусцілі на волю.

На затрыманага 25 жніўня віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы і апазіцыйнага актывіста Барыса Хамайду склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 24.23 КаАП — міліцыянты вырашылі, што ягоны медальён з гербам “Пагоня” ёсьць атрыбутам несанкцыянаванага пікета. Але суд Кастрычніцкага раёна Віцебска не прыняў адміністрацыйную справу, і Барыса Хамайду адпусцілі на волю.

Яму сказалі чакаць позву ў суд бліжэйшымі днямі, але 74-гадовы апазіцыянер не надта верыць у працяг разбіральніцтва.

“Пагоня” не з’яўляецца забароненым сімвалам, і медальён я нашу ўжо не першы год. Бачылі яго і ў міліцыі падчас мінулых затрыманняў, але ніколі ніводзін міліцыянт не казаў, што гэта знак пікетавання. Выява “Пагоні”, урэшце рэшт, прысутнічае на гербе Віцебскай вобласці, яна ўпрыгожвае і будынак у самым цэнтры Віцебска”, — распавёў Барыс Хамайда.

Што канкрэтна было напісана ў пратаколе пра адміністрацыйнае правапарушэнне, ён сказаць не бярэцца, бо не чытае і не падпісвае пратаколы з прынцыповых меркаванняў. Спадару Хамайду вядома, што пратакол быў перададзены ў суд, але працэс не адбыўся, таму яго адпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання.

Барыса Хамайду затрымалі  перад пачаткам судовага працэсу над журналісткай Таццянай Мацвеевай, якую ён прыйшоў падтрымаць у суд Кастрычніцкага раёна. Журналістку судзілі за несанкцыянаванае пікетаванне. Супрацоўнік міліцыі Уладзіслаў Шышкавец склаў на яе пратакол за малюнак на аватарцы ў Фэйсбуку, дзе былі палосы белага і чырвонага колераў і словы Янкі Купалы “Хочам людзьмі звацца”. Гэты самы міліцыянт заўважыў і “Пагоню” на медальёне Барыса Хамайды. Ён запатрабаваў зняць медальён, але спадар Хамайда адмовіўся і мінулую ноч мусіў правесці за кратамі.

Чытайце яшчэ:

“У маёй групе беларусаў больш, чым палякаў”. Мінчанка паступіла на журфак у Познані і расказвае пра навучанне там

Журналіст Зміцер Галко: «На Кіеўшчыне мы двойчы праехалі па міне, але на не выбухнула»

Генпракуратура распачала крымінальную справу супраць «Флагштока» і «Зеркала»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!