420

З сайта Мінсельгаса знікла згадка пра скандальную прэс-сакратарку Зінаіду Берашчэнка

22.07.2019 Крыніца: "Наша Ніва"

Згадка пра прэс-сакратарку Зінаіду Берашчэнка знікла з сайта Міністэрства селькай гаспадаркі і харчавання. Па ўказаным на сайце нумары вось ужо другі працоўны дзень ніхто не адказвае. Звязацца з ёй па мабільным тэлефоне таксама не атрымліваецца.

Зінаіда Берашчэнка трапіла ў скандал 15 ліпеня, калі абмацюкала карэспандэнта «НН», які звярнуўся да яе па каментар.

На наступны дзень прэс-сакратарка папрасіла прабачэння за сваю «эмацыйнасць».

«Наша Ніва» звярнулася да міністра сельскай гаспадаркі Анатоля Хацько з просьбай прыцягнуць Зінаіду Берашчэнка да дысцыплінарнай адказнасці і не працягваць з ёй працоўны кантракт.

Супрацоўнікі ведамства расказалі, што «міністр сам разбіраўся ў сітуацыі». Якое рашэнне ён прыняў, пакуль невядома. Аднак згадка пра Берашчэнка ўжо знікла з сайта Мінсельгаса.