350

З прытулку сына затрыманай Ларысы Шчыраковай забраў бацька

23.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Сын змешчанай у СІЗА былой журналісткі Ларысы Шчыраковай нарэшце вярнуўся дадому. Пра гэта паведамляюць сваякі.

Шаснаццацігадовы Святаслаў больш за два тыдні знаходзіўся ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Гомельскага раёна, што месціцца ў прыгарадным пасёлку Бярозкі. Гэта за паўтара кіламетра ад месца, дзе стала жыў Святаслаў з маці. Падлетка змясцілі ў прытулак пасля таго, як сілавікі правялі ператрус у доме Шчыраковай, затрымалі яе і адправілі за краты.

Святаслава забраў дадому яго бацька — ён адмыслова прыляцеў у Гомель з Навасібірску (РФ), дзе жыў апошнія гады. Нікому іншаму — ні дзядулю з бабуляй, ні цётцы — падлетка не аддавалі. Святаслаў бліжэйшы месяц мае быць з бацькам у Гомелі, пакуль не праясніцца сітуацыя з маці.

Ларыса вельмі пераймаецца за лёс сына і яго вучобу ў дзясятым класе. Пра гэта да затрымання напісала ў Facebook. Казала, што сыну патрэбна дапамога, асабліва па матэматыцы, фізіцы, хіміі. Два першыя дні пасля змяшчэння ў прытулак Святаслаў не наведваў школу, а з 9 снежня яго сталі вазіць туды пад наглядам выхавацеля.

У мінулым Шчыракова займалася відэажурналістыкай, супрацоўнічала з тэлеканалам “Белсат”, які ўлады потым аднеслі да ліку экстрэмісцкіх. Аднак ў 2021 годзе Ларыса публічна заявіла пра сыход з журналістыкі. Зарэгістравалася ў выканкаме індывідуальнай прадпрымальніцай, здымала ахвочых гараджан у нацыянальных строях, выкарыстоўваючы дзеля гэтага ўласную багатую калекцыю. Фотаэтнасесіі набіралі папулярнасць.

Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Гомельскага УУС. 12 снежня стала вядома, што яе абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула 369-1 — "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь". Ларысу перавялі з ізалятара ў СІЗА №3 у Гомелі.

Што канкрэтна ставяць у віну, не вядома. З адвакаткі ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Спатканняў са сваякамі Шчыракова з моманту затрымання не мела. У СІЗА прынялі толькі дзве перадачы з неабходнымі рэчамі і некаторымі прадуктамі.

Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!