227

З парталу Onliner сыходзіць галоўны рэдактар

31.08.2021 Крыніца: Радыё Свабода

У разьвітальным допісе Мікалай Казловіч паведаміў, што сыходзіць у афлайн на «перазагрузку», а рэдактарскія абавязкі падхопіць ягоны калега Мікалай Градзюшка.

«Onliner — ты космас! Дзякуй за магчымасьць займацца любімай справай апошнія 10 гадоў. Гэтая мая гісторыя заканчваецца. А далей — паглядзім. Усьцешаны, што перадаю руль Колю Градзюшку. Усё будзе добра», — напісаў ён у твітэры.

Незадоўга да атакі на незалежныя мэдыя разам з рэдактарамі парталу Tut.by Марынай Золатавай і спартовага рэсурсу Tribuna Алегам Гаруновічам далучыўся да моўнай ініцыятывы «беларускія нядзелі».

Onliner — апошні буйны онлайн-рэсурс, які мае статус СМІ. Журналісты асьвятлялі леташнія масавыя акцыі пратэсту, іх затрымлівалі і судзілі.

Так, у канцы мінулага году тады яшчэ выпускаючага рэдактара Мікалая Градзюшку абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве». Да суду пратрымалі на Акрэсьціна і пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь (на той момант 810 рублёў). А сёлета сілавікі прыходзілі зь ператрусам да журналісткі Настасьсі Занько.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!