722

З міліцыі журналістка Ларыса Шчыракова патрапіла ў шпіталь

31.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Незалежная журналістка, сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова 30 жніўня была затрыманая пасля вядзення стрыму шматтысячнага маршу незалежнасці і міру ў Гомелі.

"Мы развіталіся з Ларысай на праспекце Перамогі. Разам вялі з ёй стрым. Яна мелася паабедаць з сынам, а пасля ехаць дадому ў прыгарадны пасёлак Перамога", — расказвае калега і аператар Андрэй Толчын.

Як стала вядома, Шчыракову перастрэлі каля прыватнага дома людзі ў цывільным і адвезлі ў Гомельскі РАУС. Там ёй зрабілася блага. Шчыракову даставілі ў шпіталь інвалідаў вайны, які знаходзіцца непадалёк ад райаддзела міліцыі ў Навабеліцкім раёне Гомеля.

У шпіталі пацвердзілі, што Ларыса Шчыракова паступіла да іх у 21.40 мінулым вечарам і шпіталізаваная ў 1-е неўралагічнае аддзяленне. Выконваючая абавязкі загадчыка аддзялення Ірына Любан паведаміла 31 жніўня карэспандэнту службы маніторынгу ГА "БАЖ", што Шчыракова скардзілася на галаўны боль, таму яе і шпіталізавалі.

"Пачувае сябе Шчыракова здавальняюча. Яна папрасілася дадому, напісала заяву, таму сёння яе выпісваем", — сказала лекар.

Мабільны тэлефон журналісткі пакуль недасяжны. Вядома, што супраць Ларысы Шчыраковай складзены пратакол паводле арт. 23.34 КаАП.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!