1373

З магілёўскім чыноўнікам правялі гутарку аб недапусцімасці супрацьпраўных паводзін у адносінах да журналістаў

28.06.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Супрацоўнікі Ленінскага РАУС г. Магілёва правялі прафілактычную гутарку аб недапусцімасці супрацьпраўных паводзін з чыноўнікам Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва Канстанцінам Кісцянёвым.

Гутарка з чыноўнікам была праведзена ў адпаведнасці з арт. 24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”.

Пра гэта паведаміў у лісце магілёўскаму журналісту Уладзіміру Лапцэвічу намеснік начальніка Ленінскага РАУС Магілёва Ю. Калацілкін. Таксама міліцэйскі начальнік напісаў журналісту, што адміністрацыйная справа ў адносінах да Канстанціна Кісцянёва спыненая, бо не знойдзена дастаткова дадзеных аб здзяйсненні чыноўнікам адміністрацыйнага правапарушэння.

Нагадаем, 29 красавіка супрацоўнік Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча ў залу на сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці за самаўпраўства.

У выніку доўгага разбіральніцтва Лапцэвіч усё ж здолеў дамагчыся, каб міліцыянты правялі гутарку з магілёўскім чыноўнікам аб недапусцімасці супрацьпраўных паводзін у адносінах да журналістаў.

Па словах спадара Лапцэвіч, ён пакуль дакладна не вырашыў, ці будзе далей дабівацца прыцягнення чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці за самаупраўства. “Усё будзе залежыць ад наяўнасці вольнага часу, якога зараз катастрафічна не хапае”, — кажа журналіст.

29 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва будзе разглядацца справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах Уладзіміра Лапцэвіча. Журналіста абвінавачваюць па ч. 2. арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за супрацоўніцтва з газетай беларусаў Польшчы “Нівай”.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!