628

З ізалятараў датэрмінова выпусцілі журналістаў. Але не ўсіх

15.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У пятніцу, 14 жніўня, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі мінінфармацыі ГА "БАЖ" перадало спісы затрыманых журналістаў, настойвала на іх вызваленні.

У зняволенні застаюцца 4 асобы.

З магілёўскага ізалятара датэрмінова вызвалілі журналістаў Аліну Скрабунову (ёй прысудзілі 8 сутак, адседзела 4), Змітра Салаўёва (прысудзілі 8 сутак, адседзеў 7), Уладзімера Лапцэвіча (прысудзілі 12 сутак, адседзеў 10).

Салаўёў і Лапцэвіч трымалі галадоўку супраць незаконнага, на іх думку, зняволення. Па словах журналістаў, іх вызваленьне кантраляваў намесьнік начальніка абласной міліцыі Ўладзімер Рыжанкоў, паведамляе "Радыё Свабода".

Таксама на свабоду сёння выйшлі: У Гомелі — Яўген Меркіс, у Мінску — рэжысёр Максім Швед.

Максіма Шведа білі і зневажалі падчас зняволення. Разбілі галаву і пафарбавалі валасы. У кайданках ставілі ў расцяжку і білі.

Таксама сёння на свабоду датэрмінова выйшлі журналісты Аляксандр Буракоў (малодшы) і Аляксандр Буракоў (старэйшы).

Аляксандр Буракоў (старэйшы) быў у адзіночнай камеры, нават радыёкропку ў камеры адключылі.

Абодва журналісты кажуць, што супрацоўнікі міліцыі да іх нармальна ставіліся, гвалту не было.

Аляксандр Буракоў (старэйшы) расказаў пра правакацыю супраць яго падчас затрымання. У той дзень  пяць гадзінаў афармлялі машыну, з якой быццам бы былі пытанні. Пасля журналіст выйшаў з РАУС, насустрач яму ішла жанчына, яна раптам сагнулася і ўпала. Буракова абвінавацілі, што лаяўся матам і штурхнуў гэтую жанчыну. Гэтага насамрэч, канешне, не было. Падчас суда стала вядома, што гэтая жанчына ўказала адрасам рэгістрацыі гатэль у Магілёве, сама яна на суд не прыйшла, перадала, што з'ехала ў Расію.

З ізалятара часовага ўтрымання ў Глыбокім у ноч з 14 па 15 жніўня выйшаў на волю журналіст-фрылансер Зміцер Лупач.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!