527

З ізалятара — у ізалятар. Блогер Максім Філіповіч атрымаў чарговыя 15 сутак арышту

26.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Мохараў пакараў 26 снежня мясцовага відэаблогера Максіма Філіповіча 15 суткамі адміністрацыйнага  арышту. Блогер прызнаны вінаватым ў дробным хуліганстве (артыкул 17.1 КаАП).

Максім Філіповіч

Гэты інцыдэнт адбыўся ўвечары 28 лістапада падчас стрыму з пажару на гомельскім прадпрыемстве “Лінія зносу”.  У цемры да Філіповіча наблізіўся незнаёмец і запытаўся, што ён робіць у небяспечнай зоне. Блогер папрасіў прадставіцца чалавека, адказаць, хто ён такі і чаму дапытваецца.

Не пачуўшы адказу, Філіповіч выказаўся даволі рэзка: “Ідзі гуляй, сынок”. І накіраваўся следам за незнаёмцам, агучваючы на яго адрас рэплікі: “Што ты гаўкаеш, падыходзіш?”, “Смелы такі, на камеру гавары”.

Падыходзіў блогер і да службовага легкавіка МНС, спрабуючы высветліць, якое падраздзяленне тушыць пажар: “Шо вы глядзіце, вакно апусці…”.

Відэа наўпроставай трансляцыі было змешчана на YouTube на канале “Гарантий НЕТ Stream”. Услед інтэрнэт-карыстальнікі сталі распаўсюджваць і падпісваць  петыцыю, у якой прапаноўвалі  прыцягнуць блогера да адказнасці за хамства ў дачыненні да ратавальнікаў.

Як высветлілася пазней, “сынком” у кадры аказаўся намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Новік.

Міліцыя кваліфікавала паводзіны блогера як дробнае хуліганства, удакладніўшы ў адміністрацыйным  пратаколе, што ён “абразліва прыставаў да грамадзян”, “правакаваў на канфлікт”,  “адцягваў увагу супрацоўнікаў МНС пры тушэнні пажару”.

У сваргу чаргу Філіповіч патлумачыў суду, што не адразу разгледзеў у цемры чалавека ў форме. Блогера таксама абурыла, што супрацоўнік МНС назваў яго “аленем”.

На суд Філіповіча прывезлі з ізалятара часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе ён адбываў 14-суткавы арышт за дробнае хуліганства ў гандлёвай краме.

Усе гэтыя дні Максім, паводле жонкі блогера Юлі, трымаў галадоўку на знак пратэсту за несправядлівае пакаранне.                         

З суда Савецкага раёна Гомеля Максіма Філіповіча адправілі пад канвоем назад у ізалятар.