НЕ - ВАЙНЕ!
2921

З дрывотні ў музей: Венскае крэсла Васіля Быкава пераехала ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

28.11.2016 Крыніца: Музей гісторыі беларускай літаратуры

Венскае крэсла, якое належала народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву, пасля рэстаўрацыі забраў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Безымянный

Гісторыя гэтага прадмета пачынаецца з Віцебская краю. Крэсла знаходзілася ў панскай сядзібе, у вёсцы Бычкі, дзе пасля рэвалюцыі была адкрыта школа. На ім сядзеў настаўнік. У бычкоўскай школе некалькі класаў адвучыўся Васіль Быкаў. З цягам часу школу закрылі і Васіль пайшоў вучыцца ў Белякоўскую сярэднюю школу, затым у Кубліцкую СШ, якую скончыў у 1939 г. (8 класаў). Панская сядзіба запусцела і мясцовыя жыхары пачалі яе разбіраць.

Васіль з сястрой Валянцінай таксама пайшлі ў сядзібу і прынеслі адтуль крэсла. А, каб ніхто не западозрыў, што дзеці скралі крэсла са школы, Васіль выразаў з абодвух бакоў на спінцы крэсла ініцыялы бацькі «Б.В.Х.» (Быкаў Уладзімір Хведаравіч). На сённяшні дзень захаваўся толькі адзін надпіс на асабовым баку.

Безымянный1

 У 2004 годзе хата бацькоў Быкава была зруйнавана і на яе месцы пабудавана «Сядзіба-музей Васіля Быкава» — філіял Установы культуры “Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка”.

Безымянный2

Безымянный3

Да разбору хаты бацькоў Быкава крэсла знаходзілася ў жонкі брата (Мікалая Уладзіміравіча) Быкава Антаніны Аляксандраўны, ляжала ў дрывотні.

У 2014 годзе Глеб Лабадзенка і Сяргей Шапран заўважылі крэсла, але яно было пашкоджана: зламана ножка, спінка, адсутнічала сядзенне, патрабавалася рэстаўрацыя. У канцы 2014 года рэстаўрацыю выканаў майстар Яўген Зарубайка.

Крэсла было перавезена з Віцебшчыны (радзімы пісьменніка) у Мінск. На дадзены момант яно захоўваецца ў фондах музея. Экспанаваць крэсла плануецца ва ўстанове “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” або у яго філіяле  “Музей-дача Васіля Быкава” а. г. Ждановічы, але прыярытэтным застаецца радзіма пісьменніка в. Бычкі “Сядзіба-музей Васіля Быкава” філіял Установы культуры “Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка”.

2014 г. Да рэстаўрацыі

2016 г. Пасля рэстаўрацыі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!