2007

З Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча пастанавілі спагнаць па 20 базавых велічынь

22.04.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Агульная сума прысуджаных журналістам за парушэнне арт. 22. 9 КаАП штрафаў складае на сёння каля 50 млн рублёў.

Суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Алена Пятрова па выніках слуханняў 22 красавіка прызнала гродзенскіх журналістаў вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП за тое, што яны зрабілі для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

Як распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў, слуханні занялі каля 15 хвілін. Суддзя адзначыла, што прысуджае мінімальнае па арт. 22.9. ч.2 КаАП пакаранне, нягледзячы на тое, што Дзянісава і Кіркевіча не ўпершыню прыцягваюць да адказнасці за парушэнне гэтага артыкула. (Алеся Дзянісава ў 2014 г. штрафавалі, а Алесю Кіркевічу ў 2013-м выносілі афіцыйнае папярэджанне.)      

Такім чынам, на сёння ўжо 10 беларускіх журналістаў аштрафаваныя паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) цягам 2015 года. Агульная сума прысуджаных ім штрафаў складае на 22 красавіка 49 млн 680 тыс. рублёў. Адну з гэтых справаў (Тамары Шчапёткінай) суд будзе пераглядаць. Яшчэ на дваіх журналістаў – Кастуся Жукоўскага і Аліну Літвінчук – днямі складзеныя новыя пратаколы па тым жа артыкуле.  

Даведка:

Арт. 22.9. КаАП: “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

Ч.2. арт 22.9 КаАП: “Парушэнне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

Штраф – ад 20 да 50 базавых велічыняў.