403

З Алены Шабуні паўторна спаганяюць штраф за сюжэт для “Белсата”

16.12.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Год таму, 12 снежня, суд Віцебскага раёна аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Алену Шабуню і Змітра Лупача за сюжэт пра жыхароў вёскі Шэвіна, якія адмовіліся ўдзельнічаць ў парламенцкіх выбарах. Суддзя Ганна Ігнаценка прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ  — за супрацу з замежным медыя без акрэдытацыі ў беларускім міністэрстве замежных спраў.

Паводле Алены Шабуні, адміністрацыйны штраф паводле арт. 22.9 КаАП памерам 816 рублёў быў сплочаны своечасова. Але судовы выканаўца Ніколічаў настойвае, што грошы ў дзяржаўны бюджэт не паступілі.

— Ён хацеў, каб я аплаціла паўторна штраф яшчэ ў красавіку. Разабраліся, але было страчана шмат нерваў. У лістападзе ізноў даслаў ліст, што будзе прымусова здымаць грошы, — распавяла журналістка. — Размаўляла з ім па тэлефоне, пісала ліст на электронную пошту, думала, што пытанне  вырашылася. Але грошы пачалі вылічваць з маёй пенсіі па інваліднасці. Атрымліваю пенсію 7 снежня і бачу, што грошай на чвэрць менш, чым у лістападзе.

Алена Шабуня кажа, што падобная сітуацыя здараецца не ўпершыню, перадапошні штраф з яе таксама спрабавалі спагнаць паўторна: бо інспекцыя па выкананні пакаранняў не хоча сама спраўджваць, ці выплачаны штраф, хоць гэта ўваходзіць у абавязкі яе работнікаў, таму  патрабуе, каб аштрафаваныя захоўвалі і самі прадастаўлялі квіткі пра аплату.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!