НЕ - ВАЙНЕ!
1209

Юрысты: У Беларусі не ведаюць нават, за што матэрыялы прызналі экстрэмісцкімі (дапоўнена)

26.08.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

У чацвер суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў 9 артыкулаў апальнага сайта 1863x.com экстрэмісцкімі матэрыяламі. Цікавасць сітуацыі ў тым, што на дадзены момант ніхто апроч прадстаўнікоў дзяржавы не ведае, у чым канкрэтна суддзі знайшлі экстрэмізм.

Суд прызнаў экстрэмісцкімі наступныя артыкулы:

    «Забіць „русский мир“»;
    «Крэмль павінен быць разбураны»;
    «Як нам уцекці ад рускага свету»;
    «Новы застой Пуціна»,
    «На ўсё наср…ць. Як рускія забываюць усе трагедыі на свеце»;
    «Сціплыя беларускія героі-карнікі»
    «In the shadows»
    «Пяць прычын, дзеля якіх Украіна пераможа РФ»,
    «Сапраўдны нацыянальны гімн Беларусі».

Справа ў тым, што ніводнага з гэтых артыкулаў цяпер на сайце няма. Невядомы і іх змест.

Юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў кажа, што такі падыход – распаўсюджаная практыка беларускіх уладаў.

– Такая практыка вельмі спрэчная і, на мой погляд, няслушная. У такім выпадку, грамадства нават не можа ацаніць “асуджаныя” артыкулы і выказаць сваё меркаванне адносна іх зместу. На дадзены момант мы проста не ведаем, якія па змесце публікацыі на сайце былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Адпаведна, людзі не могуць зрабіць выснову, у чым жа заключаецца экстрэмізм і чаго не варта, напрыклад, пісаць ім самім, – гаворыць юрыст.

Сур’ёзныя прэтэнзіі ў праваабаронцаў ёсць і да самога ўчорашняга працэсу. Працэс з’яўляецца вырашальным у лёсе аўтара сайта Эдуарда Пальчыса, які ўжо доўгі час утрымліваецца ў мінскім следчым ізалятары №1.

Суд за закрытымі дзвярамі ўчора практычна прызнаў, што Пальчыс займаўся вырабам экстрэмісцкіх матэрыялаў. І хоць Эдуарда пакуль не вінавацяць у экстрэмізме, судовае рашэнне, вынесенае нават без прысутнасці маладзёна, можа вельмі істотна паўплываць на яго далейшы лёс.

– Нам справядліва хацелася б ведаць, чым кіраваліся эксперты і суд, калі прызнавалі матэрыялы экстрэмісцкімі. На дадзены момант мы не ведаем логіку іх дзеянняў. А тым часам Эдуард працягвае знаходзіцца ў следчым ізалятары і ягоны лёс таксама залежыць ад вынікаў гэтага закрытага ад грамадскасці працэсу, – гаворыць праваабаронца Таццяна Равяка.

Па словах Алега Агеева, на закрытасці працэсу настойвалі прадстаўнікі Следчага камітэту, якія спаслаліся на тое, што адкрытыя слуханні могуць паўплываць на лёс следства па крымінальнай справе супраць Пальчыса.

– Але ў судзе не прагучала, як гэта можа паўплываць на следства, бо справа ўжо перададзена ў суд і следства па ёй скончана, – гаворыць Алег.

Рашэнне суддзі Марыны Казловай ўступіць у законную сілу толькі праз 10 дзён. І то ў выпадку, калі яго не абскардзіць у касацыйным парадку адзін з бакоў, што, хутчэй за ўсё адбудзецца.

Таму перад тым, як уносіць старонкі сайта 1863x.com у “чорны спіс” Міністэрству інфармацыі – а менавіта яно вядзе гэты спіс у Беларусі – прыйдзецца дачакацца рашэння Мінскага гарадскога суда. Ды і да таго ж вырашыць, як у носіць у "чорны спіс" ужо недаступныя старонкі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!