1093

ЮНЕСКА будзе больш пільна сачыць за ўціскам журналістаў у Беларусі?

11.05.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Арганізацыя ААН па пытаннях адукацыі навукі і культуры заклікае паведамляць пра выпадкі парушэнняў у пытаннях свабоды СМІ.

На канферэнцыі падчас Сусветнага дня свабоды СМІ ў Рызе быў прыняты дакумент, які можа непасрэдна адбіцца на Беларусі.

У так званай Рыжскай дэкларацыі лейтматывам праходзіць праблема журналісцкай бяспекі. А таксама акцэнт робіцца на санкцыях у дачыненні да дзяржаў, якія журналістаў прыціскаюць.

Дэлегаты канферэнцыі сышліся ў меркаванні, што свабодныя СМІ — гэта наймацнейшы інструмент, які спрыяе пераўтварэнням ў грамадстве. Адпаведна праблемнае існаванне незалежных медыяў стрымлівае краіны ад развіцця.

“Журналістыка спрыяе верхавенству законаў, пільнасці супраць карупцыі, заахвочванню да палітычных дэбатаў, здольнасці грамадзян да прыняцця абаснаваных рашэнняў. Журналістыка спрыяе, каб людзі актыўна ўдзельнічалі ў грамадскіх справах”, — сказана ў Рыжскай дэкларацыі.

Традыцыйна час прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі робіцца для беларускіх СМІ неспакойным. Журналістаў затрымліваюць, доступ да інфармацыі ім часта абмяжоўваюць, а фрылансеры ўвогуле пазбаўленыя легальнасці.

ЮНЕСКА просіць паведамляць пра канкрэтныя выпадкі парушэнняў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!