604

Яўген Меркіс: Судамі і штрафамі беларуская дзяржава спрабуе застрашыць абсалютна ўсіх

02.08.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Суддзя Савецкага раёна Гомеля Аліна Кошкіна 2 жніўня аштрафавала журналіста-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Яўгена Меркіса на 725 рублёў.  На падставе ч. 3 арт. 23.5 КаАП Яўген прызнаны вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканала "Белсат" (Польшча) без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

Меркіс хадайнічаў, каб судовае разбіральніцтва вялося на беларускай мове. Аднак суддзя Кошкіна адхіліла хадайніцтва, патлумачыўшы, што судовая вытворчасць у гэтым судзе вядзецца па-руску. 

Віны журналіст-фрылансер не прызнаў. Апавёў, што як грамадзянін мае права  на збор і распаўсюд інфармацыі. Ён і сапраўды ў чэрвені на праспекце Леніна задаваў пытанні мінакам наконт таго, што змянілася ў Беларусі пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Здымала відэа калега Ларыса Шчыракова. Зняты матэрыял Яўген не мантаваў і нікуды не адсылаў, а тым больш не распаўсюджваў.

— І вас не цікавіла, што сталася са знятым  відэаапытаннем? — пыталася суддзя.

— Не цікавіла.

— Для чаго тады здымалі?

— Я маю права гэта рабіць, — адказаў Меркіс.

Пасля прагляду відэасюжэта, які быў змешчаны на YouTube-канале "Белсат" 4 чэрвеня і выяўлены УУС Гомельскага аблвыканкама падчас маніторынгу інтэрнэта, суддзя Кошкіна, не выходзячы ў дарадчы пакой, абвясціла пастанову: аштрафаваць Яўгена Меркіса на 25 базавых велічыняў, што адпавядае 725 рублям.

— Гэта ўжо не першы суд і не першы штраф за маю журналісцкую дзейнасці ў Беларусі. Суды ўвесь час аднабакова трактуюць заканадаўства аб СМІ, заплюшчваюць вочы на Канстытуцыю, якая дазваляе ажыццяўляць свабодны збор і распаўсюд інфармацыі. Адвольна трактуюцца паняцці "выраб прадукцыі СМІ", "распаўсюд прадукцыі СМІ". Ніколі не высвятляецца, ці  сапраўды чалавек  з'яўляецца супрацоўнікам таго медыя, за распаўсюд прадукцыі якого яго караюць. Проста ўслед за міліцыяй суддзі прыпісваюць фрылансеру знаходжанне ў штаце нейкага тэлеканала. А раз ты супрацоўнік і не маеш акрэдытацыі, то вось табе штраф, — кажа спадар Меркіс.

На думку журналіста-фрылансера, падобнымі судамі і штрафамі беларуская дзяржава спрабуе застрашыць абсалютна ўсіх, каб людзі не займаліся зборам інфармацыі аб тым, што рэальна адбываецца ў краіне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!