219

Яўген Бузук: паказваю свету свае найлепшыя здымкі

28.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі фатограф Яўген Бузук за апошні год перамог у шэрагу сусветных конкурсаў для фатографаў і стаў хіба адзіным гродзенцам, які мае перамогі за свае здымкі ў Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах Амерыкі, Азербайджане, Грузіі ды іншых краінах.

— Калі ўзгадаць апошнія два гады, то конкурсаў было сем ці восем, дакладна ўжо і не памятаю. Сярод іх: Union of Photographers of Azerbaijan, залаты медаль Photographic Society of America. Для мяне гэта вельмі шмат. Я не тое, каб вельмі актыўна ўдзельнічаю, але стараюся дасылаць працы, якія мне падабаюцца самому, — распавёў Яўген Бузук у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

— Якія працы вы дасылаеце, гэта нейкія сацыяльныя здымкі ці нешта іншае?

— Сацыяльныя здымкі я дакладна не раблю — у мяне такое не атрымліваецца. Да таго ж я бачу вакол шмат нейкіх праблем, і таму мне хочацца паказаць нейкую правільную, “прылізаную”, так бы мовіць, рэальнасць. Таму на маіх здымках нешта больш пазітыўнае.

— Як адбываецца адбор на такія конкурсы?

— Як правіла выглядае гэта наступным чынам: маецца, напрыклад,  нейкая тэма “Чорна-белыя працы”, прынята дасылаць да чатырох прац на тэму, і я дасылаю. Калі нейкія фотапрацы суддзямі ацэньваюцца даволі высока, тады яны праходзяць у фінальную частку і атрымліваюць так званы “праход”, асабліва цікавыя могуць ўзнагародзіць. Мае працы, якія атрымалі ўзнагароды на конкурсах, можна назваць жанравымі фотаздымкамі. Гэта не рэпартаж — гэта такія замалёўкі з жыцця, і ўжо не пастановачныя здымкі, якія я раней дасылаў на конкурсы. Многа такіх кадраў я “падглядзеў”, напрыклад, майстар, што робіць абутак, — гэты здымак я рабіў у Стакгольме. Нешта здымаў у Італіі падчас сваіх падарожжаў. Ды ў асноўным гэта фотаздымкі з падарожжаў, якія я раблю для сябе, каб атрымаць новыя эмоцыі. І менавіта падчас вандровак атрымліваецца зрабіць неблагія здымкі.

Яўген Бузук апроч сваёй фатаграфічнай дзейнасці мае медыцынскую адукацыю і працуе ў галіне медыцыны. А свае ўзнагароды, атрыманыя ў міжнародных конкурсах, фотамайстар аддае ў музей фатаграфіі пры ліцэі № 1, які стаў для яго месцам, дзе яшчэ ў школьныя гады навучаўся рабіць фотаздымкі.   

Евгений Бузук

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!