НЕ - ВАЙНЕ!
2381

Ярмошына і Бастунец сустрэліся ў Берліне

06.07.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец узяў удзел у Парламенцкай канферэнцыі «Свабода СМІ як краевугольны камень для дэмакратычных выбараў”, што адбылася 4 ліпеня ў Берліне. Сустрэчу ладзіла ў Бундэстагу Парламенцкая асамблея Савета Еўропы супольна з Венецыянскай камісіяй.

Як распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец, Беларусь на канферэнцыі апынулася ледзь не ў цэнтры ўвагі.

“Гэта, несумненна, было звязана з удзелам у мерапрыемстве старшыні беларускага Цэнтравыбаркама Лідзіі Ярмошынай, якая была неўязной у краіны ЕС з 2004 года”, — адзначыў старшыня журналісцкай арганізацыі.

Адказваючы на пытанні пра ролю СМІ ў выбарчым працэсе ў Беларусі ад брытанскага журналіста Уільяма Хорслі — Прадстаўніка па свабодзе СМІ ў Асацыяцыі еўрапейскіх журналістаў, — Лідзія Ярмошына запэўніла, што колькасць дзяржаўных СМІ ў нашай краіне складае ўсяго 27 %. Старшыня ЦВК даводзіла, што кандыдаты ў дэпутаты могуць размяшчаць платную рэкламу ў медыя за кошт сваіх выбарчых фондаў, ЦВК ж наогул не ўплывае на свабоду СМІ, а толькі забяспечвае іх удзел у выбарчым працэсе. У прыватнасці, сочыць за размяшчэннем у пэўных дзяржаўных медыя выступаў кандыдатаў.

Між тым, нягледзячы на статыстычную перавагу недзяржаўных медыя, трэба мець на ўвазе тэматыку большасці гэтых выданняў — «Красворды», «Сад і агарод», «Крымінальная хроніка» і інш. Пра гэта казаў на сустрэчы Андрэй Бастунец.

«Сацыяльныя і палітычныя тэмы незалежна асвятляюць каля 30 выданняў, з якіх больш за дзясятак былі выкінутыя з дзяржаўных сетак распаўсюду па падпісцы і ўраздроб, — даводзіў старшыня ГА “БАЖ”. — А ў сферы тэлерадыёвяшчання, найбольш уплывовай сёння, сітуацыя яшчэ горш. Тут дзяржаўных СМІ ўдвая больш за недзяржаўныя, ды і тыя кантралююцца ўладай”. У якасці прыкладу ён прывёў FM-радыёстанцыю «Аўтарадыё», закрытую ў 2011 годзе за размяшчэнне палітычнай рэкламы аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты.

Што да асвятлення выбараў у СМІ, Андрэй Бастунец падзякаваў Лідзіі Ярмошынай за адкрытасць ЦВК у працы з журналістамі, але не пагадзіўся з яе меркаваннем наконт усебаковага і аб’ектыўнага адлюстравання выбарчых падзеяў у СМІ.

“У часе кожнай выбарчай кампаніі ГА “БАЖ” праводзіць маніторынг асвятлення выбараў у СМІ і будзе ім займацца і на гэтых выбарах”, — паведаміў Бастунец і працытаваў некаторыя высновы з папярэдняга маніторынгу выбараў у Палату прадстаўнікоў.

У прыватнасці, што “дзяржаўныя СМІ асвятлялі выбарчы працэс у традыцыйна мінімалісцкай манеры,…надаючы яму менш увагі, чым тэмам “Спорт” ці “Надвор’е”"; што “маргінальны характар асвятлення выявіўся і ў тым, што галоўнай дзеючай асобай быў Цэнтрвыбаркам, а не кандыдаты ці палітычныя партыі”; што “надзвычай характэрнай для манеры асвятлення была акцэнтуацыя ўвагі на арганізацыйных і тэхнічных аспектах выбарчай кампаніі”.

Паводле Андрэя Бастунца, у асвятленні выбараў у Беларусі няма галоўнага — выбару. “Рытуальныя размовы пра тэхнічнае забяспячэнне выбарчага працэсу закрываюць сабой уласна выбар паміж ідэямі, шляхамі і асобамі”, — рэзюмаваў старшыня ГА “БАЖ”.

Акрамя Бастунца і Ярмошынай, Беларусь на канферэнцыі прадстаўлялі старшыня даследча-асветніцкага аб’яднання “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Генадзь Грыцкевіч.     

БАЖ прапануе ЦВК сваіх кандыдатаў у Назіральную раду па СМІ

Ярмошынай было «надзвычай прыемна» ў кампаніі з Караткевіч і Бастунцом

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!