242

Ян Хведчын: Да зорак у Канах амаль “дакранаўся рукою”

20.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі фатограф Ян Хведчын 17 студзеня адчыніў сваю фотавыставу “Эмоцыі Канскага фестывалю”.

“Фестываль у Канах адбываўся напрыканцы траўня 2019 года. Пра фэст і месца,  дзе ён адбываўся, я даведаўся выпадкова і ў апошні момант — ад суседа па хостэле ў Ніцы. Я запытаўся, ці бяспечна тут гуляць па Ніцы, ён адказаў, што вельмі бяспечна, бо непадалёку ў 30 кіламетрах адбываецца Канскі фестываль.

 Ян Хведчын

На наступную раніцу я ўжо набыў квіток за два еўра і рушыў грамадскім транспартам у Каны. Там я пазнаёміўся ў англійскім рэжысёрам, які правёў мяне праз першае кола аховы. Потым я прабраўся ў фанзону. І тут здарыўся цікавы выпадак: ахоўніца, што сачыла за фэстам,  забрала ў мяне ўсю ежу, што была ў маім заплечніку. Паводле яе слоў, ёсць такія людзі, што кідаюць ежу ў зорак, і гэта не патрэбна арганізатарам. Атрымалася, што я прабраўся на фэст “партызанскім спосабам” і пачаў здымаць з адмысловых лесвіц, якія людзі ўсталявалі загадзя, каб рабіць здымкі любімых зорак”, —  дзеліцца сваімі ўражаннямі ад Канскага фестывалю Ян Хведчын.

Гродзенскі фатограф прабыў там цягам дня і кажа, што зрабіў шмат здымкаў сусветных зорак такіх, як Эмбер Херд, Эль Фэннінг ды шмат іншых.

“Здымаў я іх на звычайны фотаапарат Сanon 6d, стоячы побач з імі, і не карыстаўся ніякімі адмысловымі аб’ектывамі. Калі б быў “цэлявік”, які я не ўзяў у дарогу, — былі б лепшыя здымкі”, — распавдае пра свае здымкі ў Канах Ян Хведчын.

Паглядзець фотаздымкі сусветных зорак у выкананні Яна Хведчына магчыма цягам студзеня 2020 года ў памяшканні народнага фотаклуба “Гродна”, які знаходзіцца ў цэнтры Гродна на вуліцы Кірава.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!