НЕ - ВАЙНЕ!
1598

Якубовіч: Даваць справаздачу пра працу Грамадскага савета ў сферы СМІ немэтазгодна

24.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Старшыня Грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы масавай інфармацыі Павел Якубовіч адмовіўся прадаставіць інфармацыю пра працу савета за апошнія гады і дату наступнага пасяджэння. Пра гэта гаворыцца ў адказе Якубовіча на зварот прэс-сакратара ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыса Гарэцкага.

– Даваць Вам справаздачу аб планах, графіках працы савета і іншых рэгламентах не буду, таму што не лічу гэта мэтазгодным. Калі ж у Вас ёсць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні дзеяння Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, то – звяртайцеся, будзем абмяркоўваць. Усяго добрага”, – паведамляецца ў адказе.

Грамадскі савет у сферы масавай інфармацыі быў створаны пастановай ураду Беларусі ў 2008 годзе. У яго ўвайшлі Павел Якубовіч, Анатоль Лемяшонак, Сяргей Дубовік і іншыя асобы, у тым ліку тагачасная старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна. Савет ствараўся з мэтай рэалізацыі і абароны правоў грамадзян на свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі. Паводле пастановы, ён павінен збірацца на свае пасяджэнні не радзей чым раз на квартал.

Разам з тым, пасяджэнні савета не праводзіліся ўжо вельмі працяглы час. Прынамсі, паведамленняў пра такія мерапрыемствы не паступала, у тым ліку і Жанне Літвіной.  

Высветліць прычыны гэтага працяглага перапынку, а таксама дату наступнага пасяджэння і паспрабаваў прэс-сакратар ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

– Атрымліваецца, што кіраўніцтва савета само парушае беларускае заканадаўства. Савет быў закліканы даваць ацэнку выпускам беларускіх СМІ на прадмет парушэння заканадаўства, уносіць прапановы наконт удасканалення заканадаўства ў галіне СМІ і г.д. Але нічога гэтага, відавочна, не робіцца – дастаткова прыгадаць прыняцце зменаў у Закон аб СМІ ў 2014 годзе. Таму ў мяне і ўзнікла пытанне, чаму каторы год бяздзейнічае структура з такімі вялікімі паўнамоцтвамі, – тлумачыць сваю пазіцыю Гарэцкі.

Цяпер прэс-сакратар ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з гэтымі пытаннямі намераны звярнуцца ў сам Савет Міністраў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!