373

Як зрабіць якасны сайт: лайфхакі ад вэб-студыі “Іквадарт” у Гродне

29.03.2019 Крыніца: Даслана арганізатарамі

Няма сайтаў "модных" і "не модных", "прыгожых" і "непрыгожых", ёсць сайты, якія спраўляюцца з ключавой задачай, а ёсць тыя, што не. Дырэктар вэб-студыі "Іквадарт" Глеб Койпіш простай мовай раскажа гарадзенцам, як стварыць класны вэб-праект і застацца задаволеным вынікам.

Калі вы рэалізуеце ўласны праект, важна, як вы пра сябе расказваеце і як сябе пазіцыянуеце. Вельмі важным у гэтым плане становіцца стварэнне ўнікальнага “твару”, які будзе вылучаць вас сярод іншых. Адзін з варыянтаў такой самапрэзентацыі свету – стварэнне сайту.

Але часта ўжо на першым этапе праекты, ініцыятывы, арганізацыі не могуць дакладна сфармуляваць, якім яны бачаць сваё пазіцыянаванне і свой інфармацыйны рэсурс. Вельмі распаўсюджаныя запыты, якія прыходзяць да распрацоўшчыкаў – “нам патрэбны сайт пра нас”, “зрабіце як у нашых сяброў ці лепш, чым у канкурэнтаў”, “зрабіце сайт, каб мы былі ў інтэрнэце”.

Такі сайт ці любы іншы сэрвіс вядома можна зрабіць, але з такім запытам гэта будзе праца з завязанымі вачыма, якая можа трапіць у кропку, а можа і расчараваць і не прынесці карысці і задавальнення ні заказчыку, ні карыстальнікам.

Як не прамахнуцца ўжо на першым этапе? Як падрыхтавацца да запуску сайта і атрымаць максімум ад каманды распрацоўшчыкаў?

Запрашаем паглыбіцца ў свет IT разам з дырэктарам студыі “Іквадарт” Глебам Койпішам, які раскажа,

- як падрыхтаваць граматнае тэхнічнае заданне для распрацоўшчыкаў, зразумець, што вам неабходна ў выніку, а ад чаго можна адмовіцца,
- якой інфармацыяй неабходна валодаць праект-менеджару на пачатку праекта і якая яго роля з боку замоўцы;
- якія ёсць мадэлі супрацы з распрацоўшчыкамі,
- як сябе паводзіць, каб атрымаць максімум ад каманды распрацоўшчыкаў.

Падчас выступу будзе мала тэорыі, але будзе шмат кейсаў і назіранняў, сабраных за 11 гадоў працы.

Запрашаем арганізацыі, праекты і ініцыятывы, якія задумваюцца аб стварэнні ўласнага сайта, але не ведаюць, з чаго пачаць, а таксама ўсіх, хто цікавіцца ўнутранай кухняй IT.

Калі: 4 красавіка
Дзе: Цэнтр гарадскога жыцця Гродна (вул. Кірава, 3)
Пачатак: 19.00

Студыя "Іквадарт" займаецца стварэннем сайтаў і графічным дызайнам з 2004 года і ўваходзіць у ТОП-10 лепшых вэб-студый Беларусі.

У партфоліо "Іквадарта" праекты для кампаній розных памераў: ад лакальных інтэрнэт-крам да міжнародных арганізацый. Але ўсе гэтыя праекты аб’ядноўвае якасна прапрацаваны інтэрфейс і нацэленасць на выкананне задач (звычайна бізнэсовых).

У "Іквадарта" ёсць таксама досвед рэалізацыі сацыяльных вэб-праектаў: па ўласнай ініцыятыве і цалкам бясплатна студыя распрацавала сайт для музея Максіма Багдановіча ў Гродне.

Даведацца больш пра праекты "Іквадарта" можна на сайце студыі: iquadart.by/by