179

Як зрабіць добры стрым? Журналісты "Радыё Свабода" правялі майстар-клас

19.08.2019 Крыніца: Наталля Семяновіч для Baj.by

У Баранавічах прайшоў семінар, прысвечаны тэме стрыму — сучаснаму фармату журналістыкі, які  даволі папулярны сярод чытачоў анлайн-медыя і карыстальнікаў сацсетак. На запрашэнне мясцовай філіі ГА “БАЖ” адгукнуліся журналісты з Ганцавічаў, Драгічына і Слуцка.

Расказаць і навучыць, як рабіць анлайн-трансляцыі, пагадзілася Юлія Коцкая, рэдактар мультымедыя аддзела беларускай службы “Радыё Свабода”.

“Радыё Свабода” пачала рабіць стрымы з 2012 года, гэта былі адзінкавыя анлайн-паказы. Цяпер рэдакцыя, як кажа Юлія Коцкая, мысліць стрымамі. Калі нешта адбываецца, з’яўляецца новая тэма, адразу ўзнакае пытанне: “Мы гэта стрымім ці не?” Бо стрым, у адрозненне ад запісанага відэа, гэта магчымаць хутка паказаць падзею гледачам. Да таго ж, тут не патрэбен мантаж, а глядач адчувае сябе ўдзельнікам падзей.

Тым больш, як адачае Юлія Коцкая, вялікіх сродкаў і вялікай колькасці тэхнікі для анлай-трансляцыі сёння не трэба —  смартфон, мікрафон, добры інтэрнэт і… вялікае жаданне саміх журналістаў.

Падчас семінару ўдзельнікі даведаліся, што можна трансляваць, на якія платформы рабіць стрымы.

— Што трансляваць? Тут універсальнага адказу не існуе. Галоўнае, каб адбывалася нешта цікавае, — гаворыць Юлія Коцкая. — Гэта могуць быць акцыі, фестывалі, сустрэчы з людзьмі, якіх ведаюць у вашым горадзе і якія будуць цікавыя гледачам. Стрым будуць глядзець, калі ёсць інтрыга.

Трэнер на прыкладзе рэальных кейсаў дала парады, як весці сябе падчас стрыму і як трымаць аўдыторыю, што рабіць, калі узнікаюць праблемы падчас стрыму (знікае інтэрнэт, губляецца гук і г. д.), падказала, як іх пазбегнуць, а таксама распавяла пра найбольш частыя памылкі.

Але самым цікавым для ўдзельнікаў семінару стаў практычны занятак, падчас якога жадаючыя пранялі ўдзел у стварэнні стрыму.

— Гэта быў цікавы досвед. Збоку здаецца, што нічога цяжкага тут няма, але калі ты аказваешся перад камерай, адзін на адзін з аудыторыяй, разумееш: каб зрабіць добры стрым, неабходна практыкавацца і практыкавацца, — распавяла адна з удзльніц семінару. — Аднак гэта не страшыць мяне.

А Юлія Коцкая падкрэсліла, што лепшы сродак навучыцца рабіць якасныя стрымы — проста рабіць іх, не баючыся памылак. Бо не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.