257 0

Як віцебскі паэт стаў сатырыкам, папрацаваўшы журналістам

14.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гаворка пра вядомага паэта Уладзіміра Папковіча, перакладчыка з нямецкай і выкладчыка Віцебскага дзяржуніверсітэта. Але мала хто ведае, што на пачатку 1990-х ён паўтара гады працаваў журналістам у газеце “Народнае слова”. Там і нарадзіўся новы герой вершаваных радкоў — Ахрэм Нядбайла, які пазней падарыў сваё імя аўтару сатырычных вершаў — у якасці псеўданіму.

Уладзімір Папковіч

Днямі Уладзімір Папковіч прэзентаваў у Віцебску свой новы паэтычны зборнік “Зазімак” — ужо 11-ты па ліку. Але ў даўгаватым ужо асабістым кніжным шэразе ёсць адно незвычайнае выданне: кніга гумарыстычных і сатырычных вершаў “Вы будзеце смяяцца”. І падчас прэзентацыі зборніка “Зазімак”, куды ўвайшлі выбраныя вершы Уладзіміра Папковіча розных гадоў, прысутныя на сустрэчы віцебскія БАЖаўцы не маглі не прыгадаць “Ахрэма Нядбайлу”.

Менавіта дзякуючы журналістыцы ды газеце “Народнае слова” і нарадзіўся гэты герой, кажа ягоны “бацька” Уладзімір Папковіч:

“Працуючы ў газеце, мне часта даводзілася знаёміцца з рознымі жыццёвымі гісторыямі, часам вельмі смешнымі. Яны запаміналіся, і нараджаліся рыфмаванкі. А іншым разам мяне пасылалі на нейкія нарады. Яны былі сумныя, доўгія, а напісаць адтуль трэба было ўсяго нейкія пару абзацаў. Тады таксама нараджаліся сатырычныя радкі: пра бюракратызм, пра пустую “гаварыльню”… А часам проста хацелася напісаць нешта вясёлае, каб пасмяшыць калег”.

Калегі адразу палюбілі вершыкі пра смешнага, шчырага, хоць і крыху дзівакаватага  Ахрэма Нядбалу, які “хацеў за праўду пазмагацца/ У свеце рай адвечны ўсталяваць./Ды часу не было палітыкай займацца —/ Любіў Ахрэм на дзевак паляваць”.  А Уладзімір Папковіч, апрача як у “ахрэмінках”, працягваў высмейваць розныя з’явы рэчаіснасці ва ўсё новых чатырохрадкоўях, якія складаў на ўзор прыпевак.

Знялі дурня аднаго

Перад домам генія.

Можа, дурасці ў яго

Ад таго паменее?

* * *

Каб узяла цябе халера,

Мужыка-функцыянера!

Быў, гаворыць, на нарадзе,

Сам па вушы

У памадзе.

* * *

Мой Валодзя быў на сходзе

Партыі, што ўжо не ў модзе.

Я кажу Валодзю:«Годзе!

Лепш шчыруй у агародзе!»

 

І нават двухрадкоўі складаў такія, што ўсе ў рэдакцыі проста складаліся ад смеху:

 

* * *

Калі ідзеш да мэты напрасткі,

Глядзі, не напарыся на сукі.

* * *

Мы весяліліся з каханым да начы…

Як мне дамоў яго давалачы?

* * *

Працуе Ўладзя на харчовым складзе.

Пры добрым раскладзе можа не сядзе.

* * *

Калі стваралі правілы маралі,

Нязгодных жорсткай смерцю пакаралі.

* * *

Жыццё, як той трамвай:

Заціснулі — трывай!

 

Тагачасны рэдактар газеты “Народнае слова” Сяргей Рублеўскі настаяў, каб Уладзімір  Папковіч падрыхтаваў свае караценькія вершыкі для друку. А прыдуманае імя “Ахрэм Нядбайла” прыдалося ў якасці псеўданіма.

"У разгары ж была перабудова, «бурапенны час», калі зрушваўся з месца, здавалася, каменна прыкуты ідэалагічны мацярык, перацярушваліся ў труху людскія лёсы пад усё тым жа поклічам пра шчаслівейшую долю. Не дай вам Божа жыць у пару перамен, — казалі ў свой час мудрэйшыя з мудрэйшых. Але ж Ахрэм Нядбайла якраз і зажыў той парою. Злёгку папікне каго, пад’ялдыкне, але ж не са злосці, а дзеля навукі…”, — напісаў у прадмове да зборніка Сяргей Рублеўскі.

Праўда, кніжка “Вы будзеце смяяцца” выйшла з друку амаль праз 15 год пасля таго, як Уладзімір Папковіч сышоў з газеты, напоўніцу аддаўшыся пісьменніцкай ды выкладчыцкай справе. Няма ўжо і абласной газеты “Народнае слова”, дзякуючы якой “нарадзіўся” Ахрэм Нядбайла: 5 гадоў таму яе зачынілі разам з гарадскім выданнем “Віцебскі рбочы”, стварыўшы новае СМІ — “Витебские вести”.

Але Ахрэм Нядбайла працягвае сваё існаванне! Найстарэйшы віцебскі паэт Уладзімір Папковіч на сваёй старонцы ў Facebook перыядычна згадвае гэтага персанажа, публікуючы сатырычныя радкі. Чытачы  ім заўсёды радуюцца — ніяк не менш, чым “сур'ёзным” вершам. У ліку прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Папковіча — і віцебскія БАЖаўцы, якія днямі павіншавалі паэта з выданнем новага зборніка.  

Каментары