Праца ішла больш за год. Да палатна давялося дашыць тры мэтры. "Радыё Свабода" расказвае гісторыю ўжо вядомага палотнішча.
Журналістка і грамадзкая дзяячка Марыя Грыц пачала запісваць імёны беларускіх палітвязьняў на сьцяг на пачатку 2022 году. Першую частку яна зрабіла за тры ночы. Палотнішча тады было памерам 1,5×2,75 мэтра. З сваім творам Марыя выходзіла на акцыю ў Кіеве.
Пасьля гэтага сьцяг выставілі на аўкцыён. Яго купілі за 1125 даляраў. Грошы пайшлі на падтрымку сем’яў беларускіх палітвязьняў. Новы ўласьнік так і не забраў свой лот.
«Пачалася вайна, і стала цяжка яго перадаць. Я не ўзяла з сабой у дарогу майткі, боты, але ехала, прыціскаючы сьцяг. Пакупнік дазволіў перадаць яго ў Музэй вольнай Беларусі ў Варшаве», — расказвала Марыя пра тое, як яна зьяжджала з Украіны на пачатку вайны і што ўзяла з сабой.
Каля году сьцяг вісеў у музэі вольнай Беларусі, а потым вярнуўся да стваральніцы.
«Потым я проста манатонна яго дапісваю час ад часу», — пракамэнтавала Марыя Грыц Свабодзе.
Колькі там імёнаў, яна ня ведае. Паводле суразмоўцы, там імёны бадай што ўсіх вядомых палітвязьняў, якіх прызнаў праваабарончы цэнтар «Вясна» з 1996 году, а ня толькі пасьля 2020-га.
«На сёньня ўсе, а заўтра прымаюцца новыя людзі. І гэты сьпіс бясконцы, таму я баюся казаць, што занатавала ўсіх вядомых палітвязьняў. Бо сёньня так, а заўтра ўжо няпоўны сьпіс... Як па мне, безьліч тых імёнаў», — падсумоўвае яна
Да працы далучылася актывістка Вольга Верамеенка. Каб дапісаць усе вядомыя імёны, яна дашыла да першай часткі сьцяга яшчэ тры мэтры тканіны. Цяпер ён у даўжыню складае амаль пяць мэтраў.
Раней Марыя рабіла сьцяг з імёнамі 200 палітзьняволеных жанчын.
Чытайце яшчэ:
У Брэсце вынесены прысуд блогеру Дзмітрыю Гарбунову: 1,5 гады калоніі за допісы ў сацсетках
Адвакат і бацька Ігара Лосіка збіраюцца тэрмінова ехаць у калонію
Вялікі ТОП карысных нейрасетак на ўсе выпадкі жыцця