НЕ - ВАЙНЕ!
332

Як Георгія Станкевіча спрабавалі двойчы асудзіць за публікацыю, якой ён не рабіў

28.06.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Падставай для двух адміністрацыйных спраў, распачатых у дачыненні Георгія Станкевіча — журналіста і выдаўца з райцэнтра Бешанковічы, стаў артыкул на віцебскім праваабарончым сайце, прызнаным уладамі экстрэмісцкім. Але публікацыю на гэтым рэсурсе Георгій Станкевіч не рабіў.

Фармальна суды адбыліся з іншай нагоды: 1 сакавіка міліцыянты склалі пратакол за “пікетаванне шляхам размяшчэння фотаздымка”, а 24 чэрвеня — “за пікетаванне шляхам размяшчэння артыкула з негатыўнымі выказваннямі”.

Прычым фотаздымак і артыкул з’яўляліся адной і той жа публікацыяй, якую, да ўсяго, Георгій Станкевіч не рабіў.

Калі разглядаць прэтэнзіі бешанковіцкіх міліцыянтаў храналагічна, то гісторыя пачалася за звароту Станкевіча да землякоў. Зварот пра тое, што вайну ва Украіне трэба завяршаць як мага хутчэй, быў выкладзены аўтарам на рэгіянальным сайце beshankovichi.by. Пра гэты факт з’явілася публікацыя на віцебскім праваабарончым сайце: даслоўна працытаваны зварот і архіўны фотаздымак Георгія Станкевіча, дзе ён зняты на фоне сцяга “Народнай Грамады”.

Міліцыянты вырашылі, што гэта бел-чырвона-белы сцяг, і склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне ў інтэрнэце. У матэрыялах справы было пазначана, што здымак быў заўважаны “1 сакавіка падчас маніторынгу сеткі інтэрнэт”.

На судзе Станкевіч даводзіў, што гэта быў партыйны сцяг і на ім нават відаць сімвал “Народнай Грамады” — чырвоная ружа. Таксама падсудны тлумачыў, што здымка не размяшчаў і не можа несці адказнасць за тых, хто гэта зрабіў.

Аднак раённы суд у асобе суддзі Наталлі Рэут пакараў вядомага ў рэгіёне журналіста, паэта і барда штрафам памерам 70 базавых велічынь (2 240 BYN).

Пастанова была вынесеная 4 сакавіка. Але праз чатыры месяцы тая самая суддзя Наталля Рэут зноўку судзіла Георгія Станкевіча за тую самую публікацыю на праваабарончым сайце. Гэтым разам ужо не за фотаздымак, а за “пікетаванне шляхам размяшчэння артыкула з негатыўнымі выказваннямі”. Паводле міліцыянтаў, якія складалі пратакол, яны нібыта заўважылі артыкул толькі 24 красавіка, што супярэчыць выкладзенаму ў справе па першым абвінавачанні.

Суддзі давялося пагадзіцца, што так не бывае, каб фотаздымак да публікацыі міліцыянты ўбачылі 1 сакавіка, а сам артыкул — толькі праз два месяцы.

Наталля Рэут мусіла спыніць адміністрацыйную справу супраць Георгія Станкевіча, бо тэрміны для пакарання даўно сышлі.

“Каб не пратэрміноўка, то асудзілі б абавязкова, і нікога б не стрымала фармулёўка “пікетаванне шляхам размяшчэння артыкула”. Бо там былі “негатыўныя выказванні” пра вайну і бяздзеянне тых, хто мусіў яе спыніць. А каб былі пазітыўныя, то не было б ні справы, ні суду”,  — кажа Георгій Станкевіч.

Чытайце яшчэ:

З-за мяжы перастаў адкрывацца сайт спартыўнага выдання «Прэсбол»

Сёння развітваюцца з рэдактаркай і грамадскай дзеячкай Аляўцінай Вячорка

Экс-CEO партала: «Onlíner — гэта бізнэс, які быў заўсёды вельмі блізкі да чытача»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!