2713

Як атрымаць інфармацыю ад чыноўнікаў — у Маладзечне адбылася сустрэча з Адар'яй Гуштын з БелаПАН

17.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пра супрацоўніцтва СМІ з уладамі размаўлялі ў Маладзечне журналісты з Глыбокага, Вілейкі і Маладзечна. У рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” супрацоўніца БелаПАН Адар’я Гуштын расказала пра свой алгарытм дзеяння пры супрацы з чыноўнікамі, дала парады юрыдычнага характару і падзялілася сваім вопытам з калегамі.

Адар’я мае дзве адукацыі — журналісцкую і юрыдычную. Таму яна адразу звярнулася да заканадаўчых дакументаў, якія рэгулююць дзейнасць журналістаў у супрацы з чыноўнікамі і сілавікамі. Яна распавяла пра адпаведныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі, законаў аб СМІ, аб інфармацыі, дзяржаўнай службе, аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Таксама распавяла пра заканадаўчую базу працы з судовай інфармацыяй і Пастанову пленума Вярхоўнага Суда “Аб галоснасці”.

На думку Адар’і Гуштын, самы складаны момант у камунікацыі з чыноўнікамі гэта тое, што яны бачаць у незалежных журналістах не "чацвёртую ўладу" і не тых, хто даносіць да грамадзянаў інфармацыю, а часам ворагаў.

Паводле Адар’і, гэта абсалютна не так, адэкватныя, нармальныя медыя заўсёды прадастаўляюць пляцоўку як дзяржаўным служачым, так і недзяржаўнай думцы. Галоўнае — наладзіць дыялог. Калі казаць пра БелаПАН, то яны знаходзяцца ў такіх самых умовах як і ўсе астатнія медыі. Але развіваецца інтэрнэт, развіваюцца сацыяльныя сеткі, чыноўнікі мусяць таксама на гэта рэагаваць. Таму яна бачыць перспектыву і спадзяецца на тое, што сітуацыя будзе змяняцца да лепшага.

Адар’я Гуштын раіць журналістам у працы з чыноўнікамі азнаёміцца з адпаведнай заканадаўчай базай. Кожны журналіст, на яе думку, павінен правільна складаць запыты, ставіць пытанні і паводзіць сябе карэктна.

Журналістка звярнула ўвагу на асноўныя прынцыпы журналісцкай дзейнасці: праўдзівасць інфармацыі, законнасць, роўнасць, разнастайнасць меркаванняў ды іншае.

Таксама Адар’я пазнаёміла прысутных з артыкуламі, паводле якіх можна прыцягнуць да адказанасці асобаў, якія перашкаджаюць законнай дзейнасці журналістаў.

Па словах Адар’і Гуштын, найбольш закрытымі ведамствамі для журналістаў з’яўляюцца сілавыя, асабліва КДБ.

Але журналістка зазначае, што, сапраўды, яны частку інфармацыі не павінны агалошваць, бо гэта ёсць дзяржаўнай таямніцай.

Апошнім часам не вельмі ідуць на кантакт праваахоўныя органы, Міністэрства ўнутраных спраў, пракуратура. На яе думку, сілавікам трэба браць прыклад са следчага камітэта. У іх эфектыўна працуе прэс-служба, яны заўсёды ідуць на кантакт з журналістамі. Але самай адкрытай структурай яна называе Міністэрства надзвычайных сітуацый. Яны працуюць заўсёды прафесійна і аператыўна. Да таго ж яны самі ствараюць шмат агітацыйнай і прафілактычнай прадукцыі.

Яшчэ закрытым з’яўляецца і Міністэрства адукацыі, яно стварае нейкія перашкоды, "трэба напісаць 150 запытаў,  каб атрымаць нават дробную інфармацыю". Іх сайт таксама працуе неаператыўна. Такая ж сітуацыя і з Міністэрствам аховы здароўя.

Напрыканцы мерапрыемства  журналісты абмеркавалі супрацу з найбольш складанымі дзяржаўнымі ведамствамі, разгледзелі спосабы запытаў у дзяржаўныя структуры і працу ў судзе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!