4594

«Я веру ў Цуд». Прэзентацыя кнігі Сяргея Ваганава

20.01.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Паэт, журналіст з амаль 60-гадовым стажам, старшыня Камісіі па этыцы БАЖ Сяргей Ваганаў чытае вершы пра Аляксандра Коржыча, Барыса Нямцова, супрацьстаянне ў Курапатах і драматычную гісторыю сям'і, цесна пераплеценую з гісторыяй краіны.

Чатыры кулі
                                  Памяці Барыса Нямцова

Чатыры кулі,
Шэсць смярдзючых гільзаў...
І цела, распасцёртае на фоне
Крамля,
Дзе ўтаропіў зрэнкі ўніз
Забойца, стаўшы як той цар на троне…
Ні да чаго ўжо прыгажосць манер
І цьмяныя выгібы лабірынта…
Адліты кулі у СССР.
Расія тымі кулямі забіта.
Ўсяго чатыры…
Шэсць смярдзючых гільзаў…
Зусім няшмат, каб вынішчальна-здзекліва
Вар’яцтва страху вырвалася з
Жаралы, праз якое паліць пекла.
Хаўруснікі, што вылеплены з бруду,
Паўзуць да трону звыклай каляінай…
Ім назаўжды пазаставацца Юдамі
Ля цела распасцёртае краіны…

Живет во мне подарком Бога,
Под плач оборванной струны,
Во чреве матери дорога 
Во чрево вздыбленной страны…

— Каб так сказаць, мала ўмець пісаць вершы. Трэба мець біяграфію, лёс, сплецены з біяграфіяй «вздыбленной страны». Аўтар кнігі такі лёс мае, таму і мы маем гэтую кнігу, — кажа пра кнігу Сяргей Ваганава «Я веру ў Цуд» Уладзімір Някляеў.

Калі: 24 студзеня, чацвер, 19:00.
Дзе: Беларуская асацыяцыя журналістаў (вул. Кальварыйская, 16, офіс 265 (4 паверх).
Уваход вольны.

 

АЎТАР ПРА СЯБЕ

Я нарадзіўся 6 кастрычніка 1941 года ў Казані, куды матуля, цяжарная мной, праз пакуты пачатку вайны здолела дабрацца з Мінска. Вярнуліся пасля вызвалення ў 1944 годзе.

З 1948 года вучыўся ў музычнай школе пры кансерваторыі, потым у 42-й сярэдняй школе, якую скончыў ў 1958 годзе. У 1963 годзе пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ працаваў настаўнікам у вёсцы Далёкія на Браслаўшчыне.

Пачаў супрацоўнічаць з газетамі яшчэ студэнтам, з 1961 года. Спрацавалі, так бы мовіць, гены бацькоў-журналістаў.  Працаваў у "Чырвонай змене", "Сельской газете", на розных пасадах у газеце "Знамя юности". З 1976 па 2008 год — уласным карэспандэнтам газеты "Труд" па БССР, галоўным рэдактарам газеты "Труд" в Беларуси". Падчас існавання СССР друкаваўся ў розных газетах, часопісах і зборніках у Беларусі, Расіі і за мяжой.

З пачатку 1900-х гадоў актыўна супрацоўнічаў з "Народнай газетай", з газетай "Народная Воля". У апошняй з 2008 па 2011 год — у якасці вядучага аўтарскай калонкі "Камертон". У 2011 – 2015 гадах супрацоўнічаў з газетай "Наша Ніва" — таксама вядучым згаданай рубрыкі і ў якасці аўтара публіцыстычных нарысаў.

У 2016 годзе выдаў кнігу нарысаў і эсэ "Мосцік над вечнасцю".

Адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, выбіраўся віцэ-прэзідэнтам БАЖ, старшынёй Камісіі па этыцы.

Двойчы пераможца ў конкурсе БАЖ "Вольнае слова" ў намінацыі "Мастацка-публіцыстычныя жанры".

З'яўляюся сябрам беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!