175

“Я рэалізоўвала сваё канстытуцыйнае права”. Бабруйскую журналістку аштрафавалі на 270 рублёў

15.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ірыну Купцэвіч, карэспандэнтку анлайн-рэсурса reform.by затрымалі раніцай 15 верасня ў Ленінскім РАУС Бабруйска, куды яна прыйшла даведацца пра лёс свайго брата. Маладога чалавека затрымалі на некалькі хвілін раней пасля судовага пасяджэння, на якім яго аштрафавалі на 25 базавых за ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве.

У Ірыны адраз забралі тэлефон, некалькі гадзін яе пратрымалі ў РАУС на допыце. Каля 15-й гадзіны журналістку прывезлі ў суд Бабруйскага раёна і Бабруйска. Справу разглядала суддзя Таццяна Тарабуева. Яна абвесціла, што Ірына Купцэвіч абвінавачваецца паводле ч. 1. арт. 23.34 КаАП — парушэнне парадку правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Нібыта журналістку бачылі і зафіксавалі на відэа супрацоўнікі міліцыі на мітынгу, які праходзіў у Бабруйску 6 верасня.

Журналістка прызнала свой удзел у мітынгу.

“Так, я была там. Я рэалізоўвала сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы, і не лічу, што я зрабіла нешта, за што мне павінна быць сорамна, ці нейкае злачынства”, — сказала Ірына.

Суддзя прапанавала скарочаны разгляд справы, на што журналістка, параіўшыся з адвакатам, пагадзілася. Сведкаў не апытвалі. Суддзя зачытала рашэнне: улічваючы прызнанне і тое, што раней не было прыцягненняў да адказнасці па гэтым артыкуле, прызначыць пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры дзесяці базавых велічынь (BYN 270).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!