НЕ - ВАЙНЕ!
1794

Выйшаў трэці нумар электроннага альманаха “Слонімскі край” (PDF)

13.04.2016 Крыніца: Мікола Канановіч для baj.by

Ужо трэці выпуск краязнаўчага альманаха “Слонімскі край” стаў даступны днямі ў сеціве ў pdf-фармаце.

Рэдактар гэтага электроннага выдання, гісторык Васіль Герасімчык актыўна выступае з гістарычнымі матэрыяламі ў “Газеце Слонімскай”, “Нашай Ніве” і ў іншых перыядычных і навуковых выданнях. Сябры рэдакцыйнай рады і асноўныя аўтары выдання Сяргей Чыгрын і Сяргей Ёрш — вядомыя на Слонімшчыне і не толькі краязнаўцы, журналісты і літаратары.

У гэтым нумары альманаха шмат матэрыялаў пра слонімскага краязнаўцу, паэта, колішняга кіраўніка падпольнай антысавецкай арганізацыі “Чайка” і вязня сталінскага ГУЛАГу Васіля Супруна (1926 – 2007), якому 10 сакавіка споўнілася б 90 гадоў. Таксама працягваецца публікацыя матэрыяла пра вызначэнне гістарычнага цэнтра Слоніма і месца пабудовы слонімскага замка (над гэтай тэмай у свой час шмат працаваў Васіль Супрун).

Некалькі артыкулаў знойдзе чытач пра Жыровіцкую зямлю і яе святыні, прачытае пра Слонімскае этанграфічна-археалагічнае таварыства (1924 — 1928), пра падручнікі па батаніцы, якія выходзілі ў міжваенны перыяд у Слоніме і Жыровічах, і яшчэ шмат чаго цікавага.

“Слонімскі край” арыентаваны найперш на мясцовага чытача, але можа быць цікавым і для тых калег, што пішуць на гістарычныя і краязнаўчыя тэмы, і для аматараў пачытаць пра тое, як яно раней было.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!