671

Выйграй стажыроўку ў агенцтве БелаПАН: журналісцкі конкурс “Беларусь заўтрашняга дня” (да 15 снежня)

30.10.2019

Каманда Мапы заўтрашняга дня* і ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" абвяшчаюць набор прац на конкурс "Беларусь заўтрашняга дня".

На працягу восені 2019 года каманда Мапы ездзіць па гарадах і ладзіць Мапатоны**:  знаёміцца з мясцовымі актывістамі і ініцыятывамі, якія змяняюць сваё месца да лепшага, мапуе мясцовыя ініцыятывы і арганізацыі і такім чынам стварае Мапу заўтрашняга дня.

З дапамогай конкурсу мы хочам:

●       раскрыць рэгіянальныя супольнасці, актывістаў і актывістак, іх арыгінальнасць у вырашэнні мясцовых праблем;

●       а таксама даць маладым аўтарам і аўтаркам магчымасць праявіць сябе і падвысіць свой прафесіяналізм.

 

Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба:

1.     Пазначыць ініцыятыву на Мапе ці знайсці тую, якая ўжо пазначана.***

2.     Сустрэцца з гэтай ініцыятывай (актывістам) і напісаць матэрыял.

3.     Апублікаваць артыкул у медыя альбо ў сваім блогу.

4.     Даслаць спасылку на гэты матэрыял альбо фотаздымак публікацыі ў мясцовым папяровым выданні на пошту falanster.by@gmail.com . Для зваротнай сувязі ў лісце трэба ўказаць свае імя, прозвішча, нумар тэлефона і электронную пошту.

Па завяршэнні конкурсу аўтар/аўтарка лепшага матэрыяла атрымае прыз — двухтыднёвую стажыроўку ў найстарэйшым беларускім недзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелаПАН.

Усе, хто прыме ўдзел у конкурсе, змогуць атрымаць разгорнуты каментар па сваіх артыкулах ад дасведчаных прафесіяналаў у сферы медыя.

 

Патрабаванні да тэксту:

1.     Артыкул павінен быць арыгінальны, які не публікаваўся раней.

2.     На Мапе мае быць спасылка на ініцыятыву, пра якую распавядаецца ў артыкуле.

3.     Удзельнікам і ўдзельніцам у сваіх артыкулах трэба апісаць, якія тэхналогіі і як выкарыстоўвае ініцыятыва для паляпшэння сваёй працы.

Важныя даты конкурсу:

❖      15.10 — 15.12 - прыём прац ад удзельнікаў і ўдзельніц;

❖      16.12 — 14.01 - ацэнка атрыманых прац;

❖      15.01 — узнагарода пераможцаў;

❖      16.01 — 31.01 - падрыхтоўка да стажыроўкі;

❖      Люты 2020 года — двухтыднёвая стажыроўка пераможца/пераможцы ў інфармагенцтве БелаПАН.

Даведка:

* Мапа заўтрашняга дня (https://mapa.falanster.by/) — гэта інтэрактыўная мапа, дзе кожны можа пакідаць інфармацыю пра грамадскія ініцыятывы ў розных рэгіёнах Беларусі, а таксама шукаць партнёраў ці магчымасці валанцёрства.

** Мапатон — адмысловыя зборы, падчас якіх удзельнікі могуць дадаць на Мапу лакацыю грамадскай ініцыятывы, прапанаваць свае ідэі па паляпэшэнні функцыянавання праекта, а таксама разам абмеркаваць каштоўнасці, дзеля якіх яны працуюць.

*** Удзельнікі могуць наведаць Мапатон, удзельнікі з Мінска маюць шанец далучыцца да каманды Мапы (напісаўшы эсэ пра тое, як тэхналогіі дапамагаюць змяняць грамадства).