184

Выступ кандыдаткі Давідовіч мог прывесці да “сацыяльна-палітычнай напружанасці”?

30.10.2019 Крыніца: “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Кандыдатка ў дэпутаты па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54 ад АГП Ірына Давідовіч, тэлевыступ якой 23 кастрычніка быў зняты з эфіру тэлеканала “Беларусь 3”, атрымала адказы на свае звароты і скаргі з гэтай нагоды.

 Ірына Давідовіч / Фота: Facebook

Гарадзенская абласная выбарчая камісія паведаміла Давідовіч аб тым, што выбаркам не мае паўнамоцтваў абавязаць сродкі масавай інфармацыі трансляваць альбо публікаваць тыя ці іншыя матэрыялы.

Кандыдатцы было прапанавана звярнуцца  ў Назіральны савет па кантролю за захаваннем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ.

Больш разгорнуты адказ яна атрымала ад кіраўніцтва Тэлерадыёкампаніі “Гродна”. У адказе на скаргу аб парушэнні права на свабоду выказвання меркавання і на свабоду абірацца і быць абранай на выбарах, было афіцыйна заяўлена, што фактаў ціску на кіраўніцтва РУП РТЦ “Тэлерадыёкампанія “Гродна” з боку трэціх асоб не было, а рашэнне было прынятае самастойна рэдакцыйнай радай.

Сярод прычынаў зняцця тэлевыступу кандыдаткі Давідовіч называюцца наступныя два выразы:

1.“Усё, што робіцца ўладай — ператварыць людзей у рабоў. Рабы маюць толькі адно выйсце — збегчы ў іншую краіну”.

Адказ: "…Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаная крымінальная адказнасць за выкарыстанне рабскай працы…У нас у краіне не бачна нават прыкметаў замацавання рабаўладальніцкага ладу. Выснова — Вашыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, іх распаўсюд… можа прывесці да сацыяльна-палітычнай напружанасці ў краіне. А з іншага боку — гэта прамая знявага усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь”

 2. “Як не ўзгадаць Беларускую АЭС. Будаўніцтва крывымі рукамі”.

Адказ: "З пытаннем аб адпаведнасці ці неадпаведнасці дадзеных звестак мы звярнуліся да кіраўніцтва Беларускай АЭС і атрымалі не толькі аргументаванае і падмацаванае фактамі абвяржэнне, але і папярэджанне аб тым, што ў выпадку распаўсюду не адпавядаючых рэчаіснасці звестак, якія зневажаюць дзелавую рэпутацыю,  ад телерадыёкампаніі запатрабуюць распаўсюдзіць іх абвяржэнне".

Такім чынам,  у Телерадыёкампаніі “Гродна” прыходзяць да высновы, што Ірына Давідовіч у сваім выступе “выкарыстала не адпавядаючыя рэчаіснасці звесткі, якія зневажаюць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, якія могуць прывесці да сацыяльна-палітычнай напружанасці”.

Дарэчы, падчас папярэдняй выбарчай кампаніі ў парламент у 2016 годзе, у выступе Ірыны Давідовіч не знайшлі аніякай крамолы, і ён трансляваўся на тэлекалале “Беларусь-3”.