838

Выракі па “справе БелаПАН” – помста за прафесійную працу і пазіцыю. Заява БАЖ

06.10.2022 Крыніца: БАЖ

Мінскі абласны суд вынес вялікія турэмныя тэрміны па крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў найстарэйшага недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. 

Былому намесніку дырэктара інфармагенцтва Андрэю Аляксандраву вырак — 14 гадоў пазбаўлення волі (яго прызналі вінаватым у арганізацыі пратэстаў, ухіленні ад выплаты падаткаў, стварэнні "экстрэмісцкага фармавання БелаПАН" альбо ўдзеле ў ім і ў здрадзе дзяржаве).

Ягонай жонцы Ірыне Злобінай вырак — 9 гадоў пазбаўлення волі (абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве).

Былому дырэктару БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву вырак — 6 гадоў пазбаўлення волі (абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і стварэнні "экстрэмісцкага фармавання БелаПАН").

Галоўнай рэдактарцы Ірыне Леўшынай вырак — 4 гады пазбаўлення волі (прыўналі вінаватай у стварэнні "экстрэмісцкага фармавання БелаПАН" альбо ўдзеле ў ім).

Беларуская асацыяцыя журналістаў ад першага дня пераследу лічыць крымінальную справу БелаПАН цалкам палітычна матываванай. Прадстаўнікі выдання абсалютна законна выконвалі свае прафесійныя абавязкі і да самога арышту заставаліся прыкладам высокага стандарту беларускай журналістыкі. Мы перакананыя, што пераслед супрацоўнікаў БелаПАН прывёў да заўчаснай смерці ў 2018 годзе заснавальніка і кіраўніка інфармагенцтва Алеся Ліпая. 

Завядзенне крымінальнай справы і агромністыя выракі па “справе БелаПАН” — нішто іншае, як помста прадстаўнікам медыя за сумленную працу і пазіцыю. 

Беларуская асацыяцыя журналістаў рашуча пратэстуе супраць расправы над калегамі і патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх трыццаці прадстаўнікоў медыя, якія на сёння знаходзяцца за кратамі.

Чытайце яшчэ:

Фігурантаў справы БелаПАН засудзілі на значныя тэрміны зняволення – ад 4 да 14 гадоў

КДБ папоўніў свой “тэрарыстычны спіс” палітзняволеным журналістам Андрэем Пачобутам

Справа журналіста "КП у Беларусі" Генадзя Мажэйкі паступіла ў суд

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!