1910

Выпускны ў Школе маладога журналіста (ШМЖ) / Строчыцы, 25.06.2011 г.

25.06.2011 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Валянціны Зянковай

Напрыканцы чэрвеня юнакі і дзяўчаты з пяці рэгіёнаў Беларусі адсвяткавалі заканчэнне навучальнага года ў Школе маладога журналіста (ШМЖ).

 

Напрыканцы чэрвеня ў Строчыцах, што пад Мінскам, у атачэнні помнікаў беларускай драўлянай архітэктуры юнакі і дзяўчаты з пяці рэгіёнаў Беларусі адсвяткавалі заканчэнне навучальнага года ў Школе маладога журналіста (ШМЖ).

З верасня 2010 пры рэдакцыях рэгіянальных газет у Брэсце, Барысаве, Лунінцы, Слуцку, Віцебску па агульнай праграме ва ўсіх ШМЖ пачаліся заняткі. Маладыя людзі 16–25 гадоў, якія жадалі пазнаёміцца з рамяством журналіста, наведвалі трэнінгі мясцовых журналістаў-практыкаў і паглыблялі свае веды на майстар-класах у Мінску.

Сярод тых, хто дзяліўся сваім майстэрствам з пачаткоўцамі, — сябры арганізацыі (БАЖ) і вядомыя беларускія журналісты Таццяна Мельнічук, Марына Загорская, Эдуард Мельнікаў, Аляксандр Коктыш, Аляксандр Зянкоў, Юры Стаюнічаў, Андрэй Бастунец, Святлана Гарда, Таццяна Гусева, Алена Аўтушка, Наталля Партоліна, Жанна Сідарук і іншыя.

Вялікую працу па напісанні агульнай праграмы навучання і метадалогіі выкладання асноваў журналістыкі зрабіў кіраўнік Грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар» (Г. Гродна) Вітаўт Руднік разам з камандай экспертаў БАЖ. У Вітаўта за плячыма — паўтара дзесятка выпускаў Гродзенскай ШМЖ.

Супольна са Шведскім інстытутам павышэння кваліфікацыі журналістаў (FOJO) з ліку сябраў БАЖ была падрыхтаваная каманда трэнераў, распрацаваныя спецыяльныя навучальныя курсы па жанрах журналістыкі і іншых аспектах прафесійнай дзейнасці.

— Сёння ў пяці рэгіёнах Беларусі налічваецца 48 выпускнікоў ШМЖ, якія цікавяцца журналісцкай прафесіяй, гатовыя працаваць у СМІ і працягваць навучанне ў ВНУ.

— З’явілася больш за тры сотні публікацый і матэрыялаў у беларускіх газетах і на сайтах не толькі рэгіянальнага, але і рэспубліканскага ўзроўню.

— На працягу 10 месяцаў навучэнцы 660 гадзін кантактавалі з прафесіяналамі, набываючы веды.

— Самыя настойлівыя і таленавітыя ўвайшлі ў лік 10 пераможцаў конкурсу публікацый маладых журналістаў у намінацыях: «Навіна», «Інтэрв’ю», «Рэпартаж» і «Спецыяльны прыз».

Вынікам усе засталіся задаволеныя. Мабыць, таму так бадзёра танчылі на выпускным і тыя, каго навучалі, і тыя, хто навучаў. А музычны гурт «ХэндМэйд» з удзелам нашага калегі Яўгена Валошына прыйшоўся вельмі да месца і даспадобы ўдзельнікам святочнай імпрэзы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!