3496

Выпускнікі БАЖаўскага фотакурсу адкрылі ў Мінску выставу

16.10.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Барыса Гарэцкага

16 кастрычніка ў сталічнай прасторы “Space” адкрылася выстава “фотагісторый” маладых выпускнікоў адукацыйнага курсу “Лаві момант!”, які ладзіла ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

І ідэя, і выкананне цалкам належалі навучэнцам. 14 выпускнікоў курсу самі дамовіліся з арганізатарамі “Месяца фатаграфіі” наконт правядзення выставы ў межах фестывалю, самі афармлялі ўласныя творы і нават самі вялі святочную імпрэзу.

Курс “Лаві момант”, які выкладалі беларускі і літоўскі фатографы Сяргей Балай і Рамуальдас Вайткус, стартаваў восенню 2014 года і праходзіў у некалькі этапаў.

Адразу стала зразумела, што каманда падабралася крэатыўная: увесну 2015 года беларускі трэнер з навучэнцамі зрабілі яркі фотапраект на Tut.by9 фотагісторый пра “Гуканне вясны” ў Вязынцы. Ужо тады пачаліся размовы пра выпуск фотаальбома – і ён сапраўды пабачыў свет акурат да адкрыцця “Дотыку”.

– Калі курс пачынаўся, я не магла і марыць пра такую выставу, – прызналася адна з куратараў адукацыйных курсаў ГА “БАЖ”, журналістка Марына Загорская. Па яе словах, трэнеры вельмі строга ставіліся да наведвання заняткаў і да “хатніх заданняў”. І навучэнцы дысцыплінавана выконвалі ўсе патрабаванні, нягледзячы на тое, што ездзіць ім даводзілася з розных рэгіёнаў Беларусі па выходных днях.    

– Гэтыя месяцы, якія мы працавалі разам, былі незвычайнымі, складанымі і класнымі, – зазначыў Сяргей Балай. Я спадзяюся, што на гэтым ні канкрэтна гэты праект, ні ваша праца не скончацца. Як застанецца і натхнёнасць тым, што мы рабілі.  

– У БАЖы – больш за 1000 сябраў, – нагадаў яшчэ адзін куратар адукацыйных курсаў Юрась Карманаў. – У свой час мы задумаліся – як зрабіць так, каб майстры перадавалі свой досвед маладым людзям? І прыдумалі сістэму 2-х, 3-х месячных курсаў па розных накірунках журналістыкі, у тым ліку па фотажурналістыцы. Я заўсёды кажу, што БАЖ – гэта мы з вамі, і толькі ад нас залежыць, што мы будзем мець. Сёння мы маем свята.

– У Статуце БАЖ напісана, што наша арганізацыя спрыяе творчаму самавыяўленню сваіх сябраў. Цудоўна, што гэта не проста словы з афіцыйнага дакумента, – адзначыў старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.   

Выстава будзе працаваць да 29 кастрычніка з 9:00 да 21:00 (панядзелак – пятнiца).

Кантакты:

Юлія Шаблоўская, каманда "Дотык":
+375-29-546-82-82; +375-29-163-97-34

Таццяна Ткачова, каманда "Дотык":
+375-29-268-31-08.

Птушкі, спевы, карагоды: дзевяць гісторый пра тое, як беларусы вясну гукаюць

Сяргей Балай: «Калі б 10 гадоў таму я мог трапіць на адукацыйныя курсы – нырку прадаў бы!»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!