НЕ - ВАЙНЕ!
308

Выкладчыкі ЕГУ знялі фільм пра Скарыну, які паказвае першадрукара ў іншым святле

27.10.2022 Крыніца: Наша Ніва

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі і дакументаліст Аляксандр Матафонаў знялі дакументальны фільм «Сад Скарыны».

Здымкі ішлі чатыры месяцы. Задумка расказаць пра Скарыну ў фільме ўзнікла паўтары гады таму, тады, калі было яшчэ магчыма прыцягнуць да працы экспертаў з Полацка — роднага горада Скарыны, але ж праз рэпрэсіі ў Беларусі дамоўленасці з полацкімі навукоўцамі давялося скасаваць.

Фільм здымалі ў чатырох краінах — гутарылі з навукоўцамі з Літвы, Польшчы, Чэхіі і Італіі. Сяргей Харэўскі расказвае, што фільм задумваўся як папулярызатарскі:

«Гэта магчымасць паглядзець на асобу Скарыны пад іншым вуглом і ацаніць яго як чалавека, выйсці за межы анахранічнага школьнага ўспрымання Скарыны».

Харэўскі тлумачыць: па-першае, усе часта забываюць, што Скарына — гэта перадусім доктар, прычым такі, што лячыў некалькі манархаў. Выглядае, што беларус увогуле быў адным з найлепшых лекараў сваёй эпохі як мінімум ва Усходняй Еўропе, але мы неяк упускаем яго заслугі ў галіне медыцыны. Гэта сыходзіць і з увагі прафесійных даследчыкаў.

Па-другое, Скарына таксама зладзіў Каралеўскі сад для імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, і гэтая частка жыцця першадрукара мала даследаваная. Ёсць у гэтым свая таямніца, кажа навуковец: «Скарына ўзяўся за сад ўжо па сканчэнні сваёй друкарскай працы. Чаму ён заняўся гэтым, ці меў ён нейкі папярэдні досвед? Кожны, хто займаўся аматарскім садоўніцтвам, ведае, што гэта няпроста.

 А Скарына смела ўзяўся за імператарскую замову, ды і даручылі гэта менавіта яму — значыць, мусяць быць яшчэ нейкія працы. Трэба ж і ведаць, як вырастуць экзатычныя расліны, бо дзякуючы Скарыну ў Празе з’явіліся цытрусавыя, інжыр, фінікавыя пальмы».

Праца складаецца з трох частак: «Скарына-кніжнік», «Скарына-лекар» і «Сад Скарыны». Фільм прымеркаваны да 500-годдзя аднаго з віленскіх выданняў друкара — «Малой падарожнай кніжкі», і гэты твор можа пабачыць у стужцы, як і залы ўніверсітэта ў італьянскай Падуі, якія яшчэ памятаюць беларуса.

«Сад Скарыны», тлумачыць Сяргей Харэўскі, заклікае яшчэ раз пераасэнсаваць жыццё і дзейнасць нашага першадрукара: «Беларусам ёсць чым ганарыцца, бо на вяршыні нашага культурнага пантэона стаіць мысляр, чалавек культуры і навукі, а не рэвалюцыянер, ваяр ці палітык. Іх заслугі могуць для кагосьці быць сумнеўнымі, а вось дасягненні ў галіне кніжніцтва ці садоўніцтва належаць усім. Гэта спадчына ўсіх краінаў, да якіх належаў Скарына, як і яго кнігі. Гэта падстава для абсалютна справядлівага гонару, і натуральна, што Скарына не змог бы рэалізаваць свае праекты без памочнікаў, фундатараў і палітычнай падтрымкі».

У хуткім часе стваральнікі «Сада Скарыны» абяцаюць размясціць фільм на YouТube.

Сяргей дзеліцца, што засталося яшчэ шмат матэрыялу, які не ўвайшоў у працу, у тым ліку звязанага з асабістым жыццём беларуса: «Свае кнігі ён выдаваў у часы вайны з Масквой, падчас якой двойчы быў спалены родны горад Скарыны. У яго і выбару не было, вяртацца ці не, бо Полацка, з якога ён з’ехаў, ужо не існавала. Пра тую вайну мы ўжо мала што памятаем, але ўсё гэта, крыкі і пажары, мінула, а кнігі і скарынаўскі сад засталіся. Можам экстрапаляваць гэта на сённяшні дзень і зрабіць пэўныя высновы».

Чытайце яшчэ:

SEO на беларускай мове. Як прафесійным медыям выціснуць прапагандыстаў з топа Google і Яндэкс і зарабіць?

Прэс-сакратара A1 асудзілі за «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання», якога не існавала

В России на журфаке МГУ создадут «курс военной журналистики», чтобы учить «профессионально освещать» войну

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!