364

Выдавец «Медыязоны» Пётр Вярзілаў аслеп і аглух

17.09.2018 Крыніца: Паводле NN.by

Удзельнік Pussy Riot і выдавец «Медыязоны» Пётр Вярзілаў аслеп, аглух і не здольны самастойна перасоўвацца. Пра гэта паведамляе Reuters.

Reuters

Пасля таго, як актывіста даставілі на лячэнне ў Нямеччыну, яго стан пачаў лепшаць. «Яму лепш. Усё добра», — заявіла яго грамадзянская жонка Вераніка Нікульшына, адмовіўшыся ад падрабязнасцей. 

Вярзілава вывезлі на прыватным самалёце з Расіі за кошт арганізацыі «Кіно за мір». У сеціве з'явіліся здымкі, на якіх нямецкія парамедыкі рыхтуюць актывіста да перавозкі ў бальніцу. На гэтых фотаздымках Вярзілаў ляжыць на каталцы з заплюшчанымі вачыма. Таксама з'явілася 11-секунднае відэа з Вярзілавым, які сядзеў у самалёце. 

Раней адзначалася, што дактары стабілізавалі стан Вярзілава, каб яго можна было выпісаць з рэанімацыі, але ў яго ўсё яшчэ захоўваюцца галюцынацыі і вострае паліморфнае псіхатычнае расстройства. 

Актывіста шпіталізавалі 11 верасня, а 15-га ён прыйшоў у сябе. Прычыны здарэння пакуль невядомыя.

«Медыязона» — расійскае інтэрнэт-СМІ, заснаванае ў верасні 2014 года ўдзельніцамі групы Pussy Riot Надзеяй Талаконнікавай і Марыяй Алёхінай. «Медыязона» факусуюць на асвятленні навін, аналітыцы, калумністыцы з акцэнтам на судовыя, праваахоўныя органы і пэнітэнцыярную сістэму Расіі, а таксама на розных праявах пераследу грамадзян Расіі за іх палітычныя погляды.

Паводле маніторынгавай кампаніі «Медиалогия», у траўні 2018 году выданне знаходзілася на 10-м месцы сярод расійскіх навінавых вэб-сайтаў па цытуемасці ў іншых СМІ і на 17-м месцы — па цытуемасці на сацыяльных медыярэсурсах.