12 траўня Вярхоўны суд разглядаў справу фігурантаў «Чорнай кнігі Беларусі», асуджаных завочна на падставе так званай спецыяльнай вытворчасці. Найвышэйшая інстанцыя не знайшла прычын, каб змяніць вырак, агучаны Мінскім гарадскім судом. У пераліку тых, хто атрымаў адмову на змякчэнне прыгавора, і журналіст Дзмітрый Навоша. Але самае дзіўнае, што абвінавачаныя нічога не аспрэчвалі.
Па крымінальнай справе, якую ў закрытым рэжыме 12 снежня 2022 года пачала разглядаць суддзя Мінскага гарадскога суда Наталля Бугук, праходзілі пяць чалавек: Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Ніхто з іх на працэсе не прысутнічаў, усе цяпер за межамі Беларусі.
Сёлета 10 студзеня прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў па 12 гадоў зняволення для кожнага — максімальна магчымы. Праз тыдзень суддзя просьбу задаволіла нават у большым аб’ёме — у дадатак да запатрабаванага тэрміну яшчэ па 18 500 рублёў штрафу.
Напярэдадні 12 траўня на сайце Вярхоўнага суда з’явіўся пералік спраў, прызначаных да разгляду ў апеляцыйнай інстанцыі. Сярод іншых у закрытым рэжыме былі пазначаныя і завочна асуджаныя фігуранты «Чорнай кнігі Беларусі». Прызначаны на працэс суддзя Мікалай Грынцэвіч мусіў юрыдычна ацаніць, як вырак Мінгарсуда стасуецца з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі. І чакана не знайшоў падставаў, каб засумнявацца ў кампетэнтнасці калег.
Адзін з дыстанцыйна пакараных, колішні карэспандэнт газеты «Прессбол», сузаснавальнік парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша пра прыпісаную яму «апеляцыю» даведаўся ад Беларускай асацыяцыі журналістаў. Кажа, што гэта лагічны працяг папярэдняга анекдота, калі partners in crime («крымінальныя партнёры») спрабавалі да суда звязацца з прызначанымі дзяржавай «адвакатамі», але тыя папросту хаваліся.
«Шчыра кажучы, упершыню чую пра апеляцыю, — здзіўляецца журналіст. — Прынамсі я дакладна не падаваў ніякай заявы — зрэшты, як і не лічыў неабходным удзельнічаць у першым этапе так званага «суда». Бо відавочна, што гэта проста частка агульнага плану палітычных рэпрэсій і ніякую праўду арганізатары «працэсу» адпачатку вызначаць не збіраліся».
Нагадаем, пяцёрку «чарнакніжнікаў» вінавацілі на падставе двух крымінальных артыкулаў: распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК) і незаконныя дзеянні датычна персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 КК). У прыватнасці, інкрымінавалася адміністраванне Telegram-канала, дзе апублічваліся персанальныя звесткі ініцыятараў і выканальнікаў гвалту падчас акцый пратэсту-2020.
Згодна з версіяй следства, Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая аб'ядналіся ў «злачынную групу», у складзе якой стварылі розныя інтэрнэт-рэсурсы. Асноўная мэта дзейнасці — «дыскрэдытацыя ўлады і праваахоўных органаў, распальванне сацыяльнай варожасці і нянавісці ў дачыненні да сілавога блоку і дзяржслужачых, распаўсюд паклёпніцкіх звестак пра іх, падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці».
Следчы камітэт Беларусі пачаў працэс «спецыяльнай вытворчасці» пры канцы верасня 2022 года, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для накіравання ў суд. Паралельна Камітэт дзяржбяспекі ўнёс фігурантаў у «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», а Міністэрства ўнутраных спраў абвінаваціла іх у «экстрэмізме».
Працэдура так званай спецвытворчасці — юрыдычнае ноў-хаў беларускага рэжыму, якое да правасуддзя мае апасрэдаваныя адносіны.
Па-першае, адвакаты фігурантам прызначаюцца пастановамі следчых, але ад сваіх абаронцаў ніхто ніякіх сігналаў так і не дачакаўся. Па-другое, адсутнасць магчымасці выказаць аргументы на сваю карысць хоць бы ў рэжыме відэасувязі не стала для суда перашкодай для вынясення вердыкту. Па-трэцяе, нават у выпадку завочнага пакарання ўлады не маюць рычагоў, каб адправіць за краты віртуальных «злачынцаў».
Тым не менш, на падставе нядаўніх зменаў у заканадаўства асуджаных «дыстанцыйна» могуць пазбавіць не толькі маёмасці, але ў перспектыве — нават беларускага грамадзянства.
Як вынікае з маніторынгу праваабаронцаў, цяпер грамадзян Беларусі можна судзіць завочна амаль па паўсотні «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулаў. Абноўлены закон развязвае рукі не толькі пракурорам ды суддзям, а і службам, адказным за канфіскацыю маёмасці тых грамадзян, хто не па сваёй волі пакінуў краіну.
Чытайце яшчэ:
У Гомелі судзяць журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса
Трагедия маленьких шагов: как иностранные медиа помогли Лукашенко удержаться
Эканамічны суд з падачы Міністэрства інфармацыі ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа