НЕ - ВАЙНЕ!
390

Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу Рыгора Кастусёва 29 лістапада

03.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Пасяджэнне Вярхоўнага суда па разгляду апеляцыйнай скаргі Рыгора Кастусёва прызначанае на 29 лістапада 2022 года.

Суд разгледзіць апеляцыю на рашэнне Мінскага абласнога суда, які прыгаварыў палітыка да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па справе "аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Рыгор Кастусёў сваю віну не прызнаў.

Палітыка азнаёмілі з паведамленнем з Вярхоўнага суда ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе ён зараз знаходзіцца ў чаканні разгляду апеляцыйнай скаргі.

“Ці пападу я туды — не ведаю. Бо мая прысутнасць там не абавязкова”, — напісаў Кастусёў у апошнім лісце да жонкі Ларысы. Рыгор Андрэевіч збіраецца пагутарыць з адвакатам, каб абмеркаваць магчымасць усё ж патрапіць на пасяджэнне Вярхоўнага суда.

Піша, што падаваў заяву на датэрміновую адпраўку ў калонію для адбыцця пакарання, але яе не задаволілі. Спадзяваўся, што накіруюць адбываць пакаранне ў Шклоў ці Магілёў, каб родным было зручней яго адведваць.

“А так — кожны дзень адно і тое ж. Проста сяджу і чакаю. На жаль, спроба на датэрміновую адпраўку ў калонію не атрымалася”, — паведаміў Кастусёў.

Зараз да Рыгора Андрэевіча даходзяць лісты толькі ад жонкі, паведамленні ад іншых людзей ён не атрымлівае ўжо працяглы час.

“Толькі твае лісты даходзяць і ўсё, больш ні ад каго”, — піша палітык жонцы. Між тым, шмат сяброў, знаёмых і проста неабыякавых людзей рэгулярна дасылаюць лісты і паштоўкі на адрас Кастусёва ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка 2021 года. Пазней стала вядома, што Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юрась Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса).

Спачатку Кастусёў знаходзіўся пад арыштам у СІЗА КДБ, пазней яго перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Падчас знаходжання за кратамі ў Рыгора Андрэевіча ўрачы дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, аднак, нягледзячы на гэта, меру ўтрымання яму так і не змянілі.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Рыгора Кастусёва палітычным вязнем.

9 чэрвеня 2022 года Генеральная пракуратура паведаміла, што справу "аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" накіравалі ў суд.

Разгляд справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года. Сваю віну Кастусёў не прызнаў.

30 жніўня дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення. 5 верасня суддзя Мінскага абласнога суда Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

На працягу многіх гадоў Рыгор Кастусёў з’яўляўся сябрам грамадскага аб’яднання  “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Чытаць яшчэ: 

«Спаў на халоднай падлозе, ацяпленне не ўключалі». Анатоль Санаценка правёў 30 сутак у карцары

У рэдакцыі бабруйскіх СМІ прыйшлі паведамленні аб мініраванні

Былы журналіст з Баранавічаў пакараны на тры гады калоніі за каментар у сацыяльных сетках

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!