128

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў рашэнне, паводле якога пакаралі штрафам брэсцкага фрылансера Яўгена Скрабца

14.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Яўген Скрабец атрымаў паведамленне ад судовага выканаўцы пра нясплочаны штраф, пра які нават не здагадваўся. Журналіст спрабаваў абскардзіць пакаранне ў абласной судовай інстанцыі, а пасля звярнуўся ў Вярхоўны суд.

Напрыканцы кастрычніка 2019 года Яўген Скрабец даведаўся, што суд Маскоўскага раёна Брэста яшчэ ў чэрвені разгледзеў у дачыненні яго адміністрацыйную справу і прызнаў вінаватым у парушэнні арт. 22.9 КаАП. Тады суддзя Раман Карабан на падставе міліцэйскага пратакола пакараў журналіста штрафам памерам 40 базавых велічынь (1020 рублёў) за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі.

Яўген Скрабец абскардзіў прызначанае яму пакаранне ў Брэсцкі абласны суд. Журналіст тлумачыў, што ўвогуле не быў праінфармаваны ні пра складзены ў дачыненні яго пратакол, ні пра разгляд справы ў судзе першай інстанцыі. А пра вынік суда даведаўся амаль праз чатыры месяцы, калі судовы выканаўца пагражала апісаць маёмасць за нясплочаны сваечасова штраф. Але абласны суд напрыканцы мінулага года адхіліў скаргу Яўгена Скрабца.

Зараз стала вядома, што і Вярхоўны суд не бачыць падстаў для адмены ранейшых судовых рашэнняў пра пакаранне журналіста.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!