НЕ - ВАЙНЕ!
269

Вярхоўны суд на закрытым пасяджэнні адхіліў апеляцыю журналісткі Ірыны Слаўнікавай

06.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Вярхоўны суд Беларусі 6 снежня разглядаў касацыйную скаргу абаронцаў Ірыны Слаўнікавай на рашэнне Гомельскага абласнога суда. Па выніках слуханняў, якія адбываліся ў закрытым фармаце, у пераглядзе справы ці змякчэнні прысуду было адмоўлена.  Вырак ранейшы – 5 гадоў калоніі.

Інфармацыя пра пасяджэнне адносна далейшага лёсу Ірыны Слаўнікавай, асуджанай у жніўні на 5 гадоў зняволення, змешчана на сайце Вярхоўнага суда. Удакладняецца, што адвакаты журналісткі апратэстоўвалі два крымінальныя артыкулы, інкрымінаваныя ёй: 

342 ч. 1 — “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”;

361 прым. 1 ч. 1 — “стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо ўдзел у ім”. 

Аднак прызначаны на працэс суддзя Фёдар Чубкавец не знайшоў прававых падстаў, каб паставіць пад сумнеў рашэнне першай інстанцыі – Гомельскага абласнога суда. Такім чынам, прысуд застаецца ранейшым – 5 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, што да таго канстатаваў суддзя Мікалай Доля. Пры тым, што нават дзяржабвінавачанне першапачаткова прасіла на год меней.

Пакаранне Ірына Слаўнікава адбывае ў СІЗА №3 горада Гомеля.

Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі напрыканцы кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку ў Егіпце. Спачатку сужэнцаў адправілі за краты пад адміністрацыйны арышт нібыта за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", а затым за "дробнае хуліганства".

Аляксандра праз 45 сутак адпусцілі, а Ірына пасля месячнага арышту на волю не выйшла — яе зрабілі падазраванай у крымінальнай справе па "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". А неўзабаве дадалі і новае абвінавачанне — "стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем".

Следчы камітэт сцвярджаў: па-першае, “згаданая грамадзянка ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту 30 жніўня 2020 года”; па-другое, падчас расследавання крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы, што менавіта Ірына Слаўнікава была кіраўніцай "Белсата", прызнанага ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем". 

«…Объединила группу граждан, которые под ее управлением и контролем создавали и размещали экстремистские материалы на многочисленных польских медиаресурсах», формировала состав сообщества, распределяла роли, корректировала новостную повестку, материально обеспечивала и финансировала деятельность преступной группы», – зрабілі выснову ў ведамстве.

Ірына Слаўнікава не абвяргала, што некалі насамрэч супрацоўнічала з тэлеканалам, брала ўдзел у праваабарончай праграме "Маю права". Але на момант затрымання ўжо працяглы час не супрацоўнічала з "Белсатам", а з'яўлялася штатнай адзінкай польскага тэлеканала TVP. Аднак ні на следства, ні на суд гэтыя аргументы не паўздзейнічалі.

Сёлета на пачатку чэрвеня ў дачыненні да яе пачаўся судовы працэс, а 3 жніўня быў абвешчаны канчатковы вырак. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналістку палітычным вязнем.

Паказальна, што Ірына Слаўнікава не мае журналіскай адукацыі, яна дыпламаваны эканаміст. Працавала па спецыяльнасці ў розных камерцыйных фірмах, а затым бухгалтарам у газеце "Беларуская маладзёжная", дзе і захапілася журналістыкай. 

Калі ў 2007 годзе ў Польшчы быў створаны спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал "Белсат", які беларускія ўлады па надуманых прычынах паслядоўна адмаўляліся рэгістраваць, Ірына Слаўнікава ўзялася за праваабарончы кантэнт.  

Чытайце яшчэ:

За інтэрв'ю – крымінальная справа і разгром кватэры

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу Дар'і Лосік “за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”

Кітай уводзіць цэнзуру «надзвычайнага ўзроўню» ў сувязі з пратэстамі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!