2113

Вярхоўны Суд ліквідаваў Беларускую асацыяцыю журналістаў

27.08.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вярхоўны Суд Беларусі 27 жніўня задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Усе довады прадстаўніка ГА "БАЖ" пра тое, што гэты пазоў не мусіць быць задаволены, суд вырашыў прызнаць неважнымі. Паводле рашэння ВС, прадстаўнік адказчыка "неправільна разумее закон".

Справу разглядала суддзя Інэса Лазавікова.

Нагадаем храналогію падзей:

9 чэрвеня Міністэрства юстыцыі пачало маштабную праверку дзейнасці ГА "БАЖ".

14 ліпеня ў офісе БАЖ без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі, узламаўшы дзверы, правялі чарговы вобшук. Пасля гэтага офіс апячаталі і доступ у яго заблакавалі. Копіі пратаколаў вобшуку нам не ўручаліся. Пералік адабранай маёмасці нам невядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі.

15 ліпеня, на наступны дзень пасля вобшуку і блакавання офіса, Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ад Міністэрства юстыцыі копію загаду аб вынясенні пісьмовага папярэджання.

21 ліпеня Міністэрства юстыцыі паведаміла ў сацыяльных сетках, што ўжо накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі пазоў аб ліквідацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Власти хотят ликвидировать Белорусскую ассоциацию журналистов (хроника, документы)

"БАЖ — гэта не запіс у рэестры юрыдычных асоб. Гэта амаль паўтары тысячы сябраў арганізацыі, аб'яднаных усведамленнем сваёй місіі: пашыраць прастору свабоды слова ў Беларусі. Прабачце за пафас і цытату са Стратэгіі БАЖ.

Гэта — сябры і калегі. Гэта — МЫ, а не юрыдычны статус і офіс. І МЫ будзем працягваць рабіць сваю справу, незалежна ад рашэння судоў і адміністрацыйных органаў, — усімі законнымі спосабамі", — гаворыць старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец.

 ГА «БАЖ» дзейнічае з восені 1995 года. Аб'ядноўвае больш за 1300 сябраў — работнікаў медыясферы.  ГА «БАЖ» — гэта ўплывовая і прызнаная міжнароднай прафесійнай супольнасцю арганізацыя.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!