532

"Вы не СМІ". Памочніца старшыні суда не пускала журналіста-фрылансера на абвяшчэнне прысуду

22.06.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 21 чэрвеня а 15:40 суддзя Кармановіч прызначыў абвяшчэнне выраку лідару метал-гурта Gods tower Уладзіславу Наважылаву па абвінавачванні ў публічнай абразе чыноўніка і падрыў аўтарытэту ўлады (арт.369 Крымінальнага кодэкса).

Хвілін за сем да прызначанага часу маладая памочніца старшыні суда Таццяна Волкава запрасіла абвінавачанага музыку, а таксама прадстаўнікоў СМІ і проста гледачоў ў залу пасяджэнняў. Памкнуўся ў залу з фотаапаратам на трынозе і журналіст-фрылансер, сябра ГА "БАЖ" Яўген Меркіс. Аднак на ўваходзе яго перастрэла Волкава. Меркіс здзівіўся: "Чаму? Вунь афіцыйны відэааператар ужо здымае абвінавачанага і прысутных".

"Вы не СМІ", — коратка адказала фрылансеру Волкава.

Калі на сітуацыю адрэагавалі праваабаронцы, памочніца адступіла.

"Яна стала ў дзвярах і нават спрабавала адпіхваць мяне, кажучы: "Вы не СМІ". Ніякіх дакументаў глядзець ці правяраць не збіралася — суд быў адкрытым. Бачу ў гэтым непаразуменні працяг дзяржаўнай палітыкі, што назіраецца ў судах, сілавых структурах ды іншых ведамствах: дзяленне грамадства на "правільных" і няправільных", а журналістаў — на "чэсных" і "нячэсных", — сказаў Яўген Меркіс у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА "БАЖ".

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта ў рэгіёне Віктар Адзіночанка зазначыў, што ён шакаваны не толькі прысудам (франтмена музычнага гурта пакаралі трыма гадамі "хіміі"), але і стаўленнем памочніцы старшыні суда да галоснасці падчас ажыццяўлення правасуддзя.

"Пераконваюся, што пры разглядзе палітычных спраў і судам бывае "не да законаў", — кажа праваабаронца Адзіночанка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!