2289

“Вольнае слова”: сёлета спаборнічаюць каля 200 тэкстаў

06.04.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Адметнасць “Вольнага слова” ў гэтым годзе: журналісты дасылаюць цыклы матэрыялаў.

Напрыклад, Хрысціна Марчук даслала цыкл матэрыялаў пра пілігрымку, Таццяна Гусева — пра тое, як нараджаюць беларускі. Журналістка TUT.BY Ксенія Ельяшэвіч даслала цыкл матэрыялаў пра трагедыю ў Маладзечне, калі на сельгасработах загінула школьніца, а журналістка “Нашай Нівы” Настаcся Роўда — цыкл “Беларускае грамадзянства” пра міграцыю за межы Беларусі.

— Гэта добра, што журналісты пачалі мысліць праектамі. Беларускай журналістыцы не ставала раней праектнага мыслення, — гаворыць старшыня журы конкурсу “Вольнае слова” Юрась Карманаў. — Цяпер бачым, што ўсе зразумелі: эфектыўней рабіць доўгатэрміновыя праекты. Таксама некаторыя ўдзельнікі адукацыйнага курсу “Спецпраекты” даслалі свае працы. Цыкл уключае некалькі тэкстаў, але ацэньваюцца яны як адзін.

На “Вольнае слова” падалі працы 67 аўтараў, агулам каля 200 тэкстаў. Таксама сёлета актыўнасць праявілі журналісты рэгіянальных СМІ. Традыцыйна сябры журы збяруцца 24 красавіка, каб абмеркаваць вынікі. Будзе апублікаваны шорт-ліст.

Вынікі конкурсу будуць агучаныя ў Сусветны дзень свабоды прэсы 3 мая.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!