172 0

Вольга Мікалайчык: «Ім патрэбныя не мае штрафы, а маё грамадзкае жыцьцё»

21.04.2017 Крыніца: Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Судовыя выканаўцы праз суд дамагаюцца магчымасьці ўвайсьці ў дом актывісткі і апісаць яе маёмасьць.

21 красавіка ў Першамайскім раённым судзе Менску пачаўся разгляд патрабаваньня судовых выканаўцаў Першамайскага раёну Менску да грамадзкай актывісткі, рэжысэркі дакумэнтальнага кіно Вольгі Мікалайчык. Судовыя выканаўцы Сямёнаў і Алісевіч патрабуюць ад актывісткі доступу ў яе дом на вуліцы Алейнай.

На пасяджэньні судовы выканаўца Дзьмітры Сямёнаў паведаміў суду, што ён і калегі больш за 3 разы прыходзілі ў дом Вольгі Мікалайчык, але ён быў зачынены, а гаспадыня адсутнічала. Прыйсьці да Вольгі Мікалайчык трэба, каб апісаць маёмасьць, якая знаходзіцца ў доме. Навошта? Паводле выканаўцаў, актывістка ня плаціць прысуджаных ёй штрафаў, на ейны дом накладзены арышт, а вось маёмасьць пакуль не апісаная.

Вольга Мікалайчык заявіла на гэта ў судзе, што маёмасьць у доме, у тым ліку мэбля, лыжкі ды сэрвізы, належыць яе маці, якая жыве за горадам. Сама Вольга не хаваецца ад выканаўцаў, але мусіць жыць па знаёмых, бо дом не ацяпляецца — у ім сапсаваная ацяпляльная сыстэма. Вольга хацела адрамантаваць дом ды прадаць, ужо была заключаная дамова з рамонтнікамі, але дом арыштавалі.

«Мяне фактычна загналі ў кут. Дом арыштаваны, прадаць яго не магу, а штрафаў назапасілася на некалькі тысяч даляраў. Зарабіць гэтыя грошы я ня ў стане, мяне на працу не бяруць праз маю грамадзянскую пазыцыю. А штрафы зноў і зноў даюць велізарныя. Вось пабыла ў Курапатах — зноў далі 50 базавых, а гэта 500 даляраў. Дык што рабіць? Раней я плаціла штрафы, а цяпер зусім няма грошай», — даводзіла суду актывістка. Таксама Вольга Мікалайчык аспрэчыла адзін з дакумэнтаў судовых выканаўцаў — у ім ад яе патрабуюць сплаціць адзін і той жа штраф двойчы.

Судзьдзя Аксана Сьвірыдовіч прыняла кампраміснае рашэньне: узяла ад Вольгі Мікалайчык абавязаньне дазволіць судовым выканаўцам прыйсьці да яе ў дом раніцай 26 красавіка, а за гэты час дала ёй магчымасьць дадаць у справу дамову, паводле якой 2 гады таму маці актывісткі падарыла ёй дом на вуліцы Алейнай, але без маёмасьці. Судовае пасяджэньне адновіцца 27 красавіка.

На суд, каб падтрымаць Вольгу Мікалайчык, прыйшло шмат вядомых актывістаў і праваабаронцаў,у тым ліку Кацярына Садоўская, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў ды іншыя. Перад працэсам людзі абураліся тым, што ўлады перасьледуюць Вольгу за яе палітычную барацьбу.

Пасьля пасяджэньня актывістка так пракамэнтавала справу, якую распачалі супроць яе судовыя выканаўцы:

«Ім патрэбныя не мае штрафы, ім патрэбна маё грамадзкае жыцьцё, каб я яго спыніла, перастала змагацца. Арышты, непадʼёмныя штрафы, канфіскацыя маёмасьці — такія кошт устанавіла дзяржава за змаганьне ў Беларусі за свае правы, за незалежнасьць, супраць дыктатуры. Ад нас дамагаюцца ня проста, каб супакоіліся, а каб зьехалі за мяжу ці ўвогуле кудысьці зьніклі. Але заяўляю, што я ня здамся», — сказала Мікалайчык.

Вольга Мікалайчык — вядомая грамадзкая актывістка, якая цягам апошніх больш як 5 гадоў шмат разоў брала ўдзел у акцыях пратэсту, пікетах салідарнасьці з палітвязьнямі, іншых вулічных акцыях. У тым ліку за ўдзел у Дні Волі Вольга адбыла адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна.

Каментары