871

Вольга Івашына: За 11 месяцаў ніводнага спаткання, 5 месяцаў няма лістоў

17.02.2022

Вольга Івашына, жонка зняволенага журналіста «Новага Часу» Дзяніса Івашына, распавяла, што не бачыла мужа ўжо 11 месяцаў. І амаль 5 месяцаў ад Дзяніса няма нават лістоў.

Да гродзенскага палітвязня, журналіста Дзяніса Івашына, які з сакавіка 2021 года знаходзіцца за кратамі, чарговы раз не пусцілі на спатканне яго жонку Вольгу Івашыну.

Ужо амаль 5 месяцаў ад Дзяніса няма лістоў, але Вольга таксама піша і іншым палітвязням:

— Некалькі разоў пісала Алесю Пушкіну. Ён адказвае, паштоўку дасылаў да Дня святога Валянціна. Пісалі Паўлу Севярынцу, адказ быў раз ці два.

Вольга Івашына просіць паведамляць ёй у сацсетках пра тое, калі нехта лістуецца з Дзянісам. Яна спадзяецца, што хоць камусьці ўдалося прабіцца праз блакаду, якую стварылі следчыя органы.

Заяву на спатканне Вольга Івашына пісала больш за тыдзень таму. Пра гэта яна распавяла журналістам «Радыё Рацыя»:

— Гэта была мая заява. Спатканне чарговае ўжо, там я ўжо не ведаю колькі. Я яе дасылала разам са сваёй заявай пра тое, што я адмаўляюся даваць паказанні. Паколькі мяне хацелі бачыць, я ім даслала гэтую заяву — адмову даваць паказанні. Вырашыла, што чарговы раз напішу, папрашу ўбачыць Дзяніса. Але мне адказалі, што падстаў, як звычайна, няма.

«Зрабіць з яго баевіка не атрымаецца»: хто такі журналіст Дзяніс Івашын, якога КДБ затрымаў у Горадні

Увечары 12 сакавіка 2021 года супрацоўнікі КДБ у Горадні затрымалі журналіста і валанцёра міжнароднай супольнасці «InformNapalm» Дзяніса Івашына. Падставаю для затрымання стала падазрэнне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў (арт. 365 КК). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўлення волі тэрмінам да 3 гадоў.

У канцы кастрычніка 2021 года Івашыну прад’явілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкула 356 КК Беларусі). Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!