397

«Внимание! «Юный спасатель». Зноў прымусовая падпіска ў Магілёве

01.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Днямі мы распавялі пра тое, што ў Магілёве на заводзе “Магілёўліфтмаш” падпіску на дзяржаўныя газеты арганізоўваюць з дапамогай адмысловых заяў, у якіх работнікі самі просяць бухгалтэрыю прадпрыемства вылічыць на гэта грошы з іх майскага заробку. Гісторыя з прымусовай падпіскай атрымала працяг.

У рэдакцыю інтэрнэт-выдання “Магілёўскі рэгіён” звярнуліся бацькі вучняў сярэдняй школы № 41 (раён Фаціна ў Магілёве). Яны даслалі фота аб'явы, вывешанай у школе да іх ведама.

У аб’яве паведамляецца пра тое, што кожнаму класнаму кіраўніку патрэбна падпісацца на газету “Юный спасатель”, яе трэба выпісваць з разліку 1 асобнік на 8 чалавек. Кошт однаго экзэмпляра газеты 14 рублёў 34 капейкі. Зразумела, што грошы для падпіскі на выданне настаўнікам перадаюць бацькі вучняў.

Таксама журналістам выдання сталі вядомыя абставіны таго, якім чынам на адным з магілёўскіх прадпрыемстваў размяркоўваецца разнарадка па прымусовай падпісцы. Пра гэта на ўмовах ананімнасці “Магілёўскаму рэгіёну” распавялі работнікі аднаго з цэхаў завода “Электрарухавік” (гэта прадпрыемства з 2014 года ўваходзіць у холдынг “Магілёўліфтмаш”).

Усяго на прадпрыемстве працуе каля 1200 чалавек. Газету "Беларускі час", заснавальнікам якой выступае Беларуская Федэрацыя прафсаюзаў, у якасці ведамаснай падпіскі трэба выпісаць у колькасці 40 асобнікаў на завод. А далей разбіўка ідзе па цахах.

У прыватнасці, механічны цэх, у якім працуе каля 100 чалавек, павінен забяспечыць яшчэ падпіску на два камплекты “СБ. Беларусь сегодня”, кошт за адзін камплект 58 руб. 80 кап. Плюс газету Магілёўскага аблвыканкама “Магілёўскія ведамасці” павінны выпісаць як мінімум сем чалавек, яе кошт 54 руб. 30 кап. за камплект. Ну і без выдання гарвыканкама не абысціся — "Веснік Магілёва" па цане 53 руб. 16 кап. павінны выпісаць 4 чалавекі.

У сярэднім, на кожны цэх, дзе працуе 100-150 чалавек прыпадае прыкладна 12 асобнікаў газет вышэйзгаданых найменняў.

Журналісты “Магілёўскага рэгіёна” распавялі карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”, што ў іх ёсць кантакты людзей, якія прадаставілі інфармацыю аб прымусовай падпісцы на заводзе “Электрарухавік” у Магілёве. Інфармацыя прадстаўленая на ўмовах ананімнасці, бо супрацоўнікі завода выдатна разумеюць магчымыя негатыўныя наступствы, калі кіраўніцтва прадпрыемства даведаецца іх прозвішчы.

Карэспандэнт службы маніторынгу некалькі разоў спрабаваў звязацца па тэлефоне з памочнікам дырэктара па сацыяльных пытаннях філіяла “Магілёўскі завод “Электрарухавік” ААТ “Магілёўліфтмаш” Мікалаем Разентавым, каб атрымаць у яго каментар. На жаль, гэтага не атрымалася зрабіць, бо па ўказаным на сайце прадпрыемства нумары ніхто не адказваў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!