1850

«Витебский курьер» не ведае, за якую «несапраўдную інфармацыю» Мінінфарм вынес папярэджанне

27.12.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Папярэджанні СМІ і журналістам

Супрацоўнікі  анлайн-выдання vkurier.by кажуць, што самі даведаліся пра папярэджанне з інтэрнэту. У рэдакцыйнай пошце ніякага ліста з Міністэрства інфармацыі няма. Не атрымлівала пісьмовага папярэджання і заснавальніца газеты «Витебский курьер» Вольга Карач.

Зрэшты, газета ў друкаваным выглядзе не выходзіць ужо некалькі гадоў: выпуск выдання, зарэгістраванага ў Смаленску, прыпынены.  Чытачы прызвычаіліся, што навіны пра жыццё рэгіёна цяпер можна прачытаць у інтэрнэце.

Якія з іх Мінінфарм палічыў неадпаведнымі рэчаіснасці, у афіцыйным паведамленні, размешчаным на сайце міністэрства, не гаворыцца. Інфармацыя пра пісьмовае папярэджанне змясцілася ў пару радкоў, з якіх нічога не зразумела,  гаворыць праваабаронца і сябар ГА «БАЖ» Павел Левінаў:

«Я даслаў ліст у Міністэрства інфармацыі як чытач інтэрнэт выдання. У сваім допісе я прашу ўдакладніць, у якім канкрэтна артыкуле была размешчана несапраўдная інфармацыя, якія падставы ёсць лічыць, што яна насамрэч несапраўдная? І ўрэшце рэшт, якім канкрэтна «грамадскім інтарэсам» яна можа нанесці шкоду? Гэта ж самае істотнае для чытачоў: ім, грамадзянам, нешта страшнае пагражае, а яны й не ведаюць, ад чаго варта засцерагацца».

Вядомая грамадская актывістка Вольга Карач гаворыць, што інтэрнэт-рэсурс vkurier.by зарэгістраваны на яе імя, аднак і ў гэтай якасці аніякіх лістоў з Міністэрства інфармацыі яна не атрымлівала:

«Больш за ўсё засмучае фармулёўка пра «шкоду грамадскім інтарэсам». У чым такім надзвычайным гэта праявілася? Інтэрнэт-выданне асвятляе грамадскую, сацыяльную, культурніцкую праблематыку, ніякіх экстрэмісцкіх матэрыялаў мы не друкуем. Будзем высветляць, што здарылася».

Некалькі гадоў таму газета «Витебский курьер» мела праблемы з транспарціроўкай і распаўсюдам: аўтамабілі з накладамі неаднаразова спынялі на беларуска-расійскай мяжы, а наклад некалькі разоў адбіралі. Праз гэтыя ды іншыя прычыны ад выпуску друкаванай версіі давялося адмовіцца. Цяпер праблемы займела і анлайн-выданне, якое ў некаторай ступені кампенсавала адсутнасць у Віцебску недзяржаўнага незалежнага друку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!