504

Вітаем на борце! Запрацаваў сайт Магілёўскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў

24.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Магілёўскія сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавалі сайт сваёй суполкі.

Рашэнне стварыць уласны сайт сябры Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” прынялі на агульным сходзе ў Магілёве ў снежні 2018 года. Падчас сходу ўдзельнік лідарскіх курсаў ГА “БАЖ” Юрый Плоткін прэзентаваў калегам распрацаваны ім праект па прамоцыі дзейнасці магілёўскай бажаўскай суполкі і незалежных медыярэсурсаў у рэгіёне. Праект прадугледжваў і стварэнне сайта.

Юрый Плоткін адказна паставіўся да даручэння сяброў. За даволі кароткі прамежак часу сайт быў распрацаваны і пачалася праца па яго напаўненні кантэнтам. На старонках mogilev.press ужо зараз можна знайсці інфармацыю пра апошнія падзеі ў жыцці суполкі, азнаёміцца з матэрыяламі з яе гісторыі, даведацца пра парадак уступлення ў ГА “БАЖ”.

Па словах Юрыя Плоткіна, сайт будзе пастаянна абнаўляцца: наведнікі mogilev.press змогуць атрымаць інфармацыю пра дзейнасць магілёўскіх бажаўцаў, пра мерапрыемствы, якія яны праводзяць. Ужо бліжэйшым часам на сайце з’явіцца больш матэрыялаў з гісторыі суполкі.