413

Віншуем! Віцебскія сябры БАЖ перамаглі ў конкурсе “Грамадская стужка 2.0”

08.02.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Конкурс праводзіў  Віцебскі рэгіянальны медыяцэнтр. Паводле арганізатараў, тры найлепшыя публікацыі выбіралі з 23-х творчых прац, дасланых на конкурс, і ўсе прызавыя месцы журы прысудзіла віцебскім “бажаўцам”.

Паводле ўмоваў,  конкурсныя матэрыялы павінны былі адлюстроўваць грамадскую актыўнасць у Віцебску і вобласці. Першае месца журы прысудзіла Таццяне Мацвеевай  за рэпартаж  «Как маленькая Дисна "устала от безнадеги" и устроила большой бунт» , прысвечаны жыхарам самага малога горада Беларусі. Тамтэйшыя жыхары стаміліся ад беспрацоўя, камунальных праблем і поўнай адсутнасці перспектыў, але не губляюць надзеі, што жыццё ў Дзісне наладзіцца.

Пра праблемы беспрацоўя і спробы пратэсту распавядаецца і ў відэасюжэце “Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сянно”. Працаўнікі сырнага завода, якому бракуе сыравіны, бо малакое аддаюць іншым прадпрыемствам, патрабуюць: “Вярніце нам малако, мы будзем са сваім старым абсталяваннем працаваць як можам, але толькі каб у нас была праца”. Другое месца ў конкурсе за падрыхтоўку гэтага матэрыяла атрымаў журналіст Віталь Скрыль

Трэцяе месца было аддадзена Алене Сцяпанавай за нарыс пра сямейны музей “Тамарына сядзіба”, створаны жыхаром Барані Юрыем Нагорным у памяць пра жонку, якая марыла зафіксаваць у экспанатах гісторыю свайго роду, але не паспела зрабіць гэта пры жыцці.

Пераможцы аднагалосна зазначаюць: поспех – не толькі іхняя заслуга. Ён паўнавартасна належыць і яшчэ двум віцебскім “бажаўцам” – відэааператару Уладзіміру Лунёву і фатографу Ігару Мацвееву – без іх гэтыя матэрыялы проста не адбыліся б.

У сёлетнім конкурсе “Грамадская стужка 2.0” узялі ўдзел яшчэ некалькі мясцовых прадстаўнікоў ГА “БАЖ”. Падводзячы вынікі, арганізатары адзначылі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў, сярод якіх было шмат практыкуючых журналістаў.