508

Відэаблогера Казлова, другі раз асуджанага на 15 сутак, чакае яшчэ адзін суд

13.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Праваабаронцы высветлілі, з якой прычыны Дзмітрый Казлоў — відэаблогер Шэры Кот — не выйшаў з-пад варты 9 студзеня. Яго арышт за ўдзел і прамую трансляцыю з мінскай акцыі супраць “паглыбленай інтэграцыі”  20 снежня 2019 года мусіў скончыцца ўвечары ў 20.45. Але ўдзень над ім адбыўся яшчэ адзін працэс,  на якім Дзмітрыя Казлова  чарговы раз прызналі парушальнікам артыкула 23.34 КаАП і пакаралі  яшчэ 15-цю суткамі — цяпер за мінскую акцыю 21 снежня.

Невядома, ці прысутнічаў відэаблогер на слуханні справы, і дзе яно адбывалася: ці ў Аршанскім райсудзе, ці пасяджэнне было выязным і прайшло ў Аршанскім РАУС. Аршанскія  актывісты спрабуюць высветліць, ці не было парушана права на абарону ў дачыненні да Дзмітрыя Казлова. Яны таксама ўзялі на сябе забеспячэнне зняволенага відэаблогера перадачамі.

— У Дзмітрыя Казлова няма блізкіх родзічаў, ягоныя бацькі памерлі, і ён жыве адзін. Таму аршанская кааліцыя дэмакратычных сіл клапоціцца пра перадачы, — кажа рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмярчак. — Пакуль ішлі першыя 15 сутак, мы арганізавалі тры перадачы з Воршы, перш за ўсё з прадуктамі харчавання.  А калі стала вядома пра другі тэрмін, на наступны ж дзень накіравалі перадачу з гігіенічнымі сродкамі, адзеннем і харчамі. Да мяне звяртаецца прыватным чынам шмат людзей, прапануюць дапамогу. Я хачу сказаць усім вялікі дзякуй і запэўніць, што ўсё магчымае ў цяперашняй сітуацыі для Дзмітрыя Казлова ўжо робіцца.

З-пад другога арышту відэаблогер мусіць выйсці 24 студзеня. Але на 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска яго чакае новы адміністрацыйны працэс — за  ўдзел у вулічнай акцыі 8 снежня. Ён распачаўся 10 студзеня, але быў перанесены, бо Дзмітрый Казлоў знаходзіцца за кратамі.

Пакуль відэаблогер Шэры Кот знаходзіцца ў аршанскім ізалятары часовага ўтрымання, сябры і аднадумцы прапануюць  падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі.

Дасылаць іх можна на адрас: 211391, Беларусь, Віцебская вобласць, г. Орша, вул. Энгельса, дом 25, ізалятар часовага ўтрымання, Казлову Дзмітрыю Алегавічу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!