420

Відэаблогер Дзмітрый Казлоў не выйшаў на волю пасля арышту

10.01.2020 Крыніца: racyja.com

Паводле звестак праваабаронцаў, за ўдзел у мінскіх акцыях за незалежнасць Беларусі Дзмітрый Казлоў (вядомы як відэаблогер Шэры кот) быў асуджаны да арышту.

На суд у Мінск ён не ездзіў, але аршанскія міліцыянты забяспечылі выкананне прысуду: 26 снежня хлопца затрымалі, яго мусілі выпусціць увечары 9 студзеня. У 20.45 — такі час мясцовым актывістам напярэдадні паведамілі ў аршанскім ізалятары часовага ўтрымання — Дзмітрыя Казлова мусілі выпусціць на волю. Сустракаць яго сабраліся каля 20 чалавек, у тым ліку з Менску, Віцебску, Дуброўны. Каля гадзіны яны марна чакалі, спрабуючы даведацца ў міліцыянтаў, чаму не выпускаюць іхнага сябра.

Міліцыянты і супрацоўнікі ІЧУ адмоўчваліся, аж пакуль актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі не пайшоў у пастарунак пісаць заяву пра знікненне чалавека. Тады невядомы чалавек у цывільным праясніў сітуацыю, кажа Вінярскі:

— Грамадзянін у цывільным строі запатрабаваў, каб я прыбраў са стала тэлефон, паглядзеў маю заяву і сказаў, што Дзмітрый казлоў знаходзіцца ў іх, што ён адбывае адміністрацыйны арышт па новай пастанове. Якая пастанова, па якім выпадку — ён адмовіўся адказаць.

Тэрмін адмовіўся назваць, але пацвердзіў: Дзмітрый Казлоў знаходзіцца ў іх, адпаведна новай пастанове.

Праваабаронцы паведамляюць, што цяпер Дзмітрыя Казлова варта чакаць на волі 24 студзеня, бо апошняя пастанова — таксама пра 15-суткавы арышт. Дзе праходзіў суд на відэаблогерам, і ў чым яго абвінавацілі, застаецца невядомым. Тым не менш, 10 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска над ім адбываецца яшчэ адзін суд — са ўдзел у мінскай антыінтэграцыйнай акцыі 8 снежня 2019 года. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!